Пачалося паседжанне беларуска‑польскай камісіі па ўрэгуляванні канфлікту вакол Саюза палякаў
У Міністэрстве замежных справаў Беларусі 19 сакавіка пачалося першае паседжанне беларуска‑польскай камісіі па ўрэгуляванні канфлікту вакол грамадскага аб’яднання «Саюз палякаў у Беларусі» (СПБ).
Як паведаміў прэс‑сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павел Марчук, польскую дэлегацыю на перамовах узначальвае першы намеснік міністра замежных справаў Анджэй Крэмер, беларускую — упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка.
Прадстаўнікі грамадскасці на паседжанне камісіі не запрошаныя.
Рашэнне аб стварэнні двухбаковай камісіі было прынятае 25 лютага на сустрэчы прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага ў Кіеве. Папярэдне датай першага паседжання камісіі называлася 9 сакавіка, аднак потым яно было перанесенае — бакі ўзгаднялі фармат працы.
***
Раскол у СПБ адбыўся ў 2005 годзе. З таго часу ў краіне існуе два Саюзы палякаў — афіцыйны, зарэгістраваны Міністэрствам юстыцыі Беларусі, і неафіцыйны, які падтрымліваюць улады Польшчы. У пачатку 2010 году канфлікт паміж прадстаўнікамі СПБ абвастрыўся ў сувязі з сітуацыяй вакол Дома польскага ў Івянцы, на які прэтэндавалі як афіцыйная арганізацыя, так і нефармальнае яе крыло. 17 лютага суд Валожынскага раёну прыняў рашэнне на карысць зарэгістраванай структуры СПБ. 15 і 17 лютага беларускімі праваахоўнымі органамі за правядзенне несанкцыянаваных акцый пратэсту былі затрыманыя некалькі дзесяткаў актывістаў неафіцыйнага СПБ, а кіраўнікоў арганізацыі асудзілі.
Гэтыя дзеянні выклікалі незадавальненне афіцыйнай Варшавы і еўраструктур.
Прадстаўнікі Саюза палякаў спадзяюцца, што міжурадавая камісія вырашыць іх праблемы. Актывісты незарэгістраванай структуры СПБ разлічваюць на легалізацыю, афіцыйнай — на наладжванне дыялогу з Варшавай.
Старшыня Галоўнай рады неафіцыйнага СПБ Анджэй Пачобут таксама выказаў надзею на тое, што ў выніку працы беларуска‑польскай камісіі ў Беларусі спыніцца практыка камерцыялізацыі Дамоў польскіх, і яны будуць выкарыстоўвацца выключна ў культурна‑асветніцкіх мэтах, як гэта і меркавалася першапачаткова.