1 сьнежня адноўлена крымінальная справа ў дачыненьні да дэпутата Маларыцкага райсавету Уладзіміра Малея.
Пра гата паведамляе Радый Свабода. Сябра БНФ, юрыст Праваабарончага цэнтру Вясна Уладзімер Малей зноў абвінавачваецца ў паклёпе на адрас кіраўніка мясцовай вэртыкалі.
Раніцай 1 сьнежня дэпутат Маларыцкага раённага савету, намесьнік старшыні Берасьцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Уладзімер Малей атрымаў паведамленьне з управы ўнутранных справаў аблвыканкаму. З паведамленьня вынікае, што сьледчыя органы аднавілі крымінальную справу ў адносінах да апазыцыйнага дэпутата.
Спадара Малея абвінавачваюць у паклёпе на адрас старшыні Маларыцкага райвыканкаму Казіміра Лапіча. У заяве ў пракуратуру кіраўнік мясцовай вэртыкалі сьцьвярджаў, што Ўладзімер Малей у сваім дэпутацкім запыце, які пасьля быў надрукаваны ў інфармацыйным бюлетэні “Наша слова”, распаўсюдзіў пра яго паклёпніцкія зьвесткі. Дэпутацкі запыт тычыўся службовага жыльля для былога старшыні райвыканкаму, якое засталося ў прыватнай уласнасьці пасьля ягонай адстаўкі. Паводле словаў спадара Малея, цяперашняе маларыцкае кіраўніцтва не зрабіла ніякіх захадаў, каб гэтая маёмасьць была вернутая дзяржаве. Гаворыць Уладзімер Малей: “Гэтую праблему ня я ставіў, а мае выбаршчыкі, бо я зьяўляюся дэпутатам Маларыцкага раённага савету. Яны абураліся тым, чаму гэтыя людзі працуюць у іншым месцы, пабудавалі дамы, самі выехалі, а ў гэтых дамах жывуць іхныя дзеці. Гэта самі выбаршчыкі пытаньне ставілі”.
Крымінальную справу адносна дэпутата распачалі сёлета 2 лютага. Сьледзтва цягнулася амаль шэсьць месяцаў і было спыненае, аднак цяпер абласная пракуратура не пагадзілася з рашэньнем закрыць справу. Спадар Малей мяркуе, што аднаўленьне крымінальнага перасьледу супраць яго можа быць зьвязанае з прэзыдэнцкай выбарчай кампаніяй.