viasna on patreon

Улады накіравалі Дзень Волі на Бангалор

2010 2010-03-19T20:56:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/bnr1.jpg

Мінгарвыканкам дазволіў дэмакратычным арганізацыям правесці 25 сакавіка ў Мінску акцыю з нагоды Дня Волі, але пры гэтым унёс карэктывы ў яе сцэнар, паведаміў БелаПАН старшыня сталічнай арганізацыі Партыі БНФ Віктар Івашкевіч.

«Мы планавалі прайсці ад Акадэміі навук па тратуарах да сквера Янкі Купалы, каб правесці там мітынг. Аднак гарадскія ўлады традыцыйна прапанавалі нам правесці мітынг на плошчы Бангалор», — сказаў ён.

Паводле слоў Івашкевіча, час і месца збору ўдзельнікаў мерапрыемства засталіся ранейшымі — у 18.00 на пляцоўцы каля будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук. «Так што людзі могуць бесперашкодна прыходзіць, каб адсвяткаваць Дзень Волі, прыносіць нацыянальную сімволіку. Як даць працяг святкаванню, вырашым на месцы», — дадаў ён.

18 сакавіка на прэс‑канферэнцыі ў Мінску лідэр Партыі БНФ Аляксей Янукевіч адзначыў, што дзеянні арганізатараў акцыі «будуць залежаць ад колькасці людзей, якія сабраліся ўзяць удзел у шэсці, і іх настрою». «У нас ёсць розныя варыянты развіцця падзей, але адно магу сказаць дакладна, што на плошчу Бангалор мы людзей не павядзем», — падкрэсліў лідэр Партыі БНФ.

На прэс‑канферэнцыі таксама было аб’яўлена пра пачатак збору подпісаў пад адозвай да ўлад аб’явіць 25 сакавіка і 8 верасня дзяржаўнымі святамі. «25 сакавіка мы лічым днём незалежнасці Беларусі, 8 верасня — днём беларускай воінскай славы і абаронцаў Айчыны. Таму мы сёння аб’яўляем пра пачатак кампаніі па зборы подпісаў грамадзян, каб зрабіць гэтыя дні дзяржаўнымі святамі і абвесціць іх выхаднымі», — сказаў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі.

Да адозвы, паводле яго слоў, могуць далучыцца ўсе, хто пажадае. Пасля гэты дакумент з подпісамі будзе перададзены ва ўрад.

Пад адозвай ужо падпісаліся лідэры апазіцыйных партый і рухаў Аляксей Янукевіч, Аляксандр Мілінкевіч, Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец, Віктар Івашкевіч.

25 сакавіка пад дакументам змогуць паставіць свае подпісы ўдзельнікі святочнай акцыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства