viasna on patreon

Выбарчая кампанія: мінулы тыдзень у лічбах і фактах

2010 2010-03-21T20:41:21+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пачатак тыдня супаў з апошнім днём вылучэння кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў розных узроўняў. Былі агучаны афіцыйныя лічбы па колькасці прэтэндэнтаў, якія падалі ў тэрытарыяльныя і акруговыя выбаркамы дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі. Мізэрны адсотак вылучэнцаў ад палітычных партый па краіне Лідзія Ярмошына публічна прадставіла як вынікі тых “перавагаў”, якія партыйным структурам “далі змены ў выбарчым заканадаўстве”. На фоне развагаў старшыні цэнтрвыбаркаму пра ўзмацненне канкурэнцыі сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты прадстаўнікі дэмакратычнага блоку  пачалі падлік безальтэрнатыўных акругаў па краіне.

На працягу тыдня ўлады ў розных варыяцыях “рассакрэчваліся” спісы сфармаваных участковых выбаркамаў. Тым часам актыўныя прадстаўнікі грамадскасці па розных інстанцыях шукалі  тлумачэнняў наконт таго, якім чынам можна скарыстацца ўжо пратэрмінаванымі ўладамі трыма днямі, падчас якіх заканадаўства дазваляе аспрэчыць рашэнні пра фармаванні камісій.        

 

Кандыдаты ў дэпутаты вылучаны

У адпаведнасці з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, апошнім днём прадстаўлення ў адпаведную тэрытарыяльную, акруговую выбарчую камісію дакументаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата ў дэпутаты мясцовага Савета дэпутатаў, значыцца 15 сакавіка. Аднак, як патлумачыў журналістам сакратар Цэнтральнай камісіі М.Лазавік, гэта не азначае, што ўжо 16 сакавіка выбаркамы прыступілі да рэгістрацыі кандыдатаў. Цэнтрвыбаркам, паводле яго словаў,  рэкамендуе праводзіць  рэгістрацыю ўсіх кандыдатаў у акрузе адначасова, каб яны маглі на роўных умовах пачынаць агітацыйную кампанію. 

Паводле афіцыйнай інфармацыі, па ўсёй краіне на 21 303 дэпутацкіх крэслы ў 1 495 мясцовых Саветах розных узроўняў прэтэндуюць 25 475 чалавек. З іх амаль палова - 44,6% - жанчыны, 6,3% - моладзь да 30 гадоў, 2,7% - беспрацоўныя, 0,1% - грамадзяне Расіі.
З агульнай колькасці прэтэндэнтаў 60% вылучалася шляхам збору подпісаў, 35,2% - працоўнымі калектывамі, 2% - палітычнымі партыямі, 2,8% - скарысталіся магчымасцю вылучыцца ад двух суб’ектаў. Афіцыйныя лічбы паказваюць, што суадносіны паміж пэтэндэнтамі ад праўладных і апазіцыйных партыяў – прыкладна 50/50. Найбольш кандыдатаў вылучыла Камуністычная партыя Беларусі – 207, Ліберальна-дэмакратычная партыя – 61, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці - 18, Беларуская аграрная партыя - 7, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя - 2, Рэспубліканская партыя і Беларуская патрыятычная партыя - па 1. У дэмакратычным блоку сітуацыя выглядае наступным чынам: ад Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" пададзены дакументы на рэгістрацыю 126 кандыдатаў, ад Аб`яднанай грамадзянскай партыі - 94, ад Партыі БНФ - 35, ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) - 32, Беларускай партыі "Зялёныя" - 5, Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады - 2. 

Варта адзначыць, што найбольшая  распаўсюджанасць такой формы вылучэння, як збор подпісаў грамадзянаў, мае аб’ектыўныя прычыны. Толькі гэтым шляхам могуць вылучаць сваіх прадстаўнікоў палітычныя партыі, якія не могуць атрымаць афіцыйнай рэгістрацыі. Так, актывістам Партыі БХД, якой улады адмовілі ў легальным юрыдычным статусе, давялося вылучацца шляхам збору подпісаў. Паводле звестак, якія агучыў сустаршыня аргкамітэта Партыі БХД Павел Севярынец, патэнцыйнымі кандыдатамі ў дэпутаты вылучаны 173 сябры партыі па 226 акругах: у абласныя Саветы дакументы на рэгістрацыю пададзены па 48 акругах, у гарадскія - па 102, у раённыя - па 55, у пасялковыя - па 3 акругах, у сельскія саветы - па 18. Пры гэтым больш за 20 патэнцыйных кандыдатаў ад БХД былі вымушаныя адмовіцца ад удзелу ў кампаніі з прычыны ціску і рэпрэсій.

Каментуючы нязначны па сутнасці адсотак кандыдатаў-партыйцаў, старшыня Цэнтрвыбаркаму заўважыла, што колькасць вылучэнцаў ад партыяў падчас цяперашніх мясцовых выбараў у два разы перавысіла ўзровень 2003 года. “Гэта азначае, што партыі ацанілі тыя перавагі, якія ім далі змены ў выбарчым заканадаўстве, тое спрашчэнне – і вылучыліся менавіта такім спосабам”, - падкрэсліла Л.Ярмошына, не здрадзіўшы сваёй  пафаснай рыторыцы. 

 

“Узмацненне канкурэнцыі” і безальтэрнатыўныя акругі

У параўнанні з трыма папярэднімі выбарчымі кампаніямі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў, сёлета вылучэнне кандыдатаў праходзіла больш актыўна, канстатавала кіраўніцтва Цэнтральнай камісіі, патлумачыўшы, што “ўзмацненне канкурэнцыі адбылося з-за павелічэння прэтэндэнтаў, якія вылучаюцца ў сельскія Саветы”. Л.Ярмошына паведаміла, што на 1 дэпутацкі мандат прэтэндуюць 1,2 патэнцыяльныя кандыдаты, і гэта лічба вышэйшая за аналагічны паказчык на выбарах у 1999, 2003 і 2007 гадах.

Разам з тым, афіцыйная статыстыка паказвае, што ў выніку этапа вылучэння конкурс сярод кандыдатаў у Менску і гарадах абласнога падпарадкавання вышэйшы за аналагічны падчас мясцовых выбараў у 2007 годзе, але не дасягнуў паказчыкаў 2003 года.  
У сярэднім па сталіцы на адну выбарчую акругу вылучана 5,4 кандыдаты (2007 г. - 4,3,   2003 г. - 5,5). Актыўнасць у вылучэнні ў астатнія Саветы - на ўзроўні 2007 года. У прыватнасці, конкурс у абласныя Саветы складае 1,8, у раённыя - 1,3, у гарадскія і гарадоў абласнога падпарадкавання - 2,1, у сельскія - 1,1.

Разам з тым, калі нават усе прэтэндэнты, якія падалі дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў, будуць зарэгістраваныя, то падаўляючая большасць акругаў па краіне ўсё роўна застануцца безальтэрнатыўнымі. Так, правядзем элементарныя матэматычныя разлікі: усяго 21 303 выбарчыя акругі, на дэпутатства ў якіх прэтэндуюць 25 475 чалавек, гэта значыць што максімум на 4 172 акругах будзе конкурс, а на астатніх выбаршчыкі будуць галасаваць толькі за аднаго прэтэндэнта, без выбару. 

Калі ад абагульненай статыстыкі па краіне перайсці да больш канкрэтных “рэгіянальных” лічбаў, то відавочная колькасць безальтэрнатыўных акругаў у асобных рэгіёнах уражвае.   
Так, у Віцебскай вобласці дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдатаў падалі 3 820 прэтэндэнтаў - на 3 530 дэпутацкіх месцаў. Паколькі на кожны дэпутацкі мандат на цяперашні момант прыходзіцца 1,09 прэтэндэнта, то ўжо да рэгістрацыі кандыдатаў можна сцвярджаць, што, сама меней у 90% выбарчых акругаў выбары будуць безальтэрнатыўнымі.
На Гарадзеншчыне назіральнікі таксама прыйшлі да высновы, што імёны дэпутатаў дэ-факта стануць вядомыя адразу пасля рэгістрацыі кандыдатаў. Паводле афіцыйных звестак, на 60 дэпутацкіх месцаў у абласным Савеце прэтэндуюць толькі 107 чалавек: адпаведна, безальтэрнатыўнымі будуць каля 10 акругаў. На дэпутатства ў раённых Саветах па 530 акругах у вобласці прэтэндуюць толькі 590 кандыдатаў (пры ўмове, што ўсе з іх будуць зарэгістраваныя). Практычна гэта азначае, што дзесьці на 470 акругах замест выбараў будзе праведзена галасаванне па адной кандыдатуры. Аналагічная карціна назіраецца і па выбарах у сельскія Саветы, дзе на 2 087 дэпутацкіх месцаў прэтэндуюць толькі 2 103 кандыдаты.

Галоўным чынам безальтэрнатыўнымі будуць выбары і ў Менскай вобласці. Тут ў  мясцовыя Саветы розных узроўняў вылучана 4 558 кандыдатаў, а дэпутатамі павінна быць абрана 4 256. 
На Гомельшчыне, напрыклад, у Ельскім раёне на 40 акругах, утвораных для выбараў у раённы Савет, пададзена столькі ж заяваў на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты. На адной акрузе, утворанай па выбарах дэпутата абласнога Савета (у яе склад увайшлі Ельскі і Нараўлянскі раёны) пададзена адна заява на рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты аблсавета. У 8 сельскіх Саветах Ельскага раёна на 95 выбарчых акругах па выбарах дэпутатаў сельсаветаў пададзены 96 заяваў на рэгістрацыю кандыдатамі ў дэпутаты сельскіх Саветаў.
Улічваючы змены выбарчага заканадаўства і адмену парогу працэнтнага ўдзелу выбаршчыкаў, зразумела, што выбары адбудуцца. Аднак пры безальтэрнатыўнасці яны пераўтвараюцца ў фармальнае галасаванне, а вынікі па абсалютнай большасці акругаў дэ-факта становяцца вядомымі адразу пасля рэгістрацыі кандыдатаў.

 

Склады ўчастковых выбаркамаў “рассакрэчаны”

У другой палове тыдня афіцыйныя выданні, нарэшце, пачалі друкаваць рашэнні раённых, гарадскіх выканкамаў, мясцовых адміністрацый пра фармаванне ўчастковых выбарчых камісій. Пры гэтым незалежныя назіральнікі адзначалі розныя варыяцыі ў намаганнях мясцовых чыноўнікаў да апошняга захаваць “дзяржаўную таямніцу”, якой яны зрабілі інфармацыю пра склад камісій.

У Барысаве чарговы “суботні” нумар газеты “Адзінства” з прынятым яшчэ 10 сакавіка рашэннем раённага выканкама пра стварэнне ўчастковых камісій выйшаў у свет толькі ў аўторак 16 сакавіка. Паводле логікі, ён павінен быў з’явіцца 13-га. Аднак, усё, акрамя даты выхаду, адпавядала “асаблівасцям” суботняга нумара – і абмежаваны тыраж, і распаўсюд толькі па падпісцы. У шапіках “Мінскаблсаюздруку” яго набыць немагчыма, у адрозненне ад нумара з рэкламным дадаткам, што выходзіць па серадах. 
Дарэмнымі аказаліся пошукі газеты з рашэннем Светлагорскага райвыканкама Гомельскай вобласці ў шапіках “Белсаюздруку” па ўсім раёне. Ізноў-ткі не таму, што мясцовая дзяржгазета імкліва раскупаецца. Назіральнікі адзначаюць, што ўчастковыя камісіі былі ўтвораны 10 сакавіка, рашэнне апублікавана ў  “Светлагорскіх навінах” ў аўторак 16 сакавіка. То бок фармальна – у належны тэрмін. Але з-за нізкага попыту насельніцтва на дзяржаўную газету яе выпускі без тэлевізійнай праграмы, якія выходзяць па аўторках, у продаж не паступаюць. 
Па інфармацыі назіральнікаў, рэдакцыя баранавіцкай газеты “Наш край” сцвярджае, што спісы ўчастковых выбарчых камісій былі надрукаваны спецвыпускам 16 сакавіка. На працягу трох дзён (з 16 па 18 сакавіка), па словах прэтэндэнта ў кандыдаты Мікалая Чарнавуса, ён не мог знайсці такі спецвыпуск ні ў падпішчыкаў, ні ў шапіках, ні нават у Цэнтральнай бібліятэцы імя Валянціна Таўлая. Намесніца галоўнага рэдактара і галоўны ідэёлаг дзяржаўнай газеты “Наш край” Зоя Саракавік патлумачыла, што 16 сакавіка было надрукавана толькі 600 асобнікаў газеты, а 18 сакавіка яшчэ 120. Такая практыка, даводзіла З. Саракавік, склалася ў Баранавічах: газета друкуе спісы ўчастковых выбарчых камісій абмежаванай колькасцю. Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці гораду змаглі знайсці  таямнічы спецвыпуск толькі 19 сакавіка – і толькі ў гарадской тэрытарыяльнай выбарчай камісіі (захоўваўся ў сейфе), а таксама ў рэдакцыі газеты “Наш край”. Прычым высветлілася, што хаця абодва спецвыпускі датаваныя 16 сакавіка, яны паміж сабой адрозніваюцца. Варыянт, які знаходзіўся ў гарадской выбарчай камісіі, называе толькі прозвішчы, імя і імя па бацьку сяброў участковых камісій, а ў тым, што прадстаўлены ў рэдакцыі “Нашага краю”, называюцца таксама калектывы і арганізацыі, ад якіх вылучаны сябры камісій. 
У Гародні  афіцыйная газета “Гродзенская праўда” са складамі ўчастковых выбаркамаў ўвогуле з’явіўся ў шапіках толькі 18 сакавіка. Прытым назіральнікі заўважаюць, што гэты  нумары выдання выйшаў з укладышам, на якім пазначана “17 сакавіка”.

Што так старанна хавалі ўлады ад грамадскасці? Апублікаваныя спісы ўчастковых выбаркамаў хіба што пацвердзілі тэндэнцыі папярэдніх выбарчых кампаній.
Па-першае, як ужо паведамлялі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”, ва ўчастковых камісіях практычна адсутнічаюць прадстаўнікі дэмакратычнага блоку.
Па-другое, персанальныя склады камісій з моманту апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2008 г. змяніліся нязначна. Як ілюстрацыя – назіранні з Полаччыны. Участковую камісію № 1 у Полацку: з 15-ці зацверджаных сябраў 11 былі ў складзе камісіі падчас парламенцкіх выбараў. Па ўчастку № 2 такіх “правераных” асобаў набралася 8 з 15-ці; тая ж карціна і па ўчастку № 3. На ўчастку № 4 з 15 сябраў 12 на мінулых выбарах працавалі ў камісіі. На астатніх 30-ці полацкіх участках назіраецца прыблізна тая ж сітуацыя - склад камісій ад выбараў да выбараў рэальна не мяняецца.
Па-трэцяе, фармаванне ўчастковых выбарчых камісій ажыццяўлялася па вытворчаму прынцыпу. Звычайна касцяк камісіі складаецца з работнікаў аднаго прадпрыемства,    вылучаных рознымі спосабамі - партыямі, грамадскімі арганізацыямі і прафсаюзамі, а таксама шляхам збору подпісаў.  Так, напрыклад, участковая выбарчая камісія ўчастку для галасавання №1 Чыгуначнага раёна г. Віцебску налічае ў сваім складзе 19 чалавек. З якіх 12 вылучаны рознымі падраздзяленнямі (цэхі і аддзелы) рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскі станкабудаўнічы завод “ВІСТАН”, 1 - ад прафсаюзнай арганізацыі гэтага заводу. Астатнія сябры камісіі вылучаны дзяржаўнымі або прадзяржаўнымі грамадскімі структурамі: “Белая Русь”, БРСМ, “Чырвоны крыж”, саюзамі ветэранаў і жанчын. Партыйцаў у гэтай камісіі прадстаўляе сябра Камуністычнай партыі Беларусі. Гэты класічны прынцып ужыты адміністрацыямі трох раёнаў, на якія падзелены Віцебск. У горадзе таксама сфармавана 15 участковых выбарчых камісій на закрытых участках для галасавання - у лячэбных установах (12 участкаў) і вайсковых частках (3 участкі). Склады гэтых камісій цалкам складаюцца з супрацоўнікоў гэтых устаноў і арганізацый.
Ці, напрыклад, у Бабруйску па інфармацыі, пададзенай адміністрацыяй Ленінскага раёну, відавочна, што  практычна кожная камісія тут сфармаваная з прадстаўнікоў аднаго працоўнага калектыва. Ёсць камісіі, дзе напрыклад, усе сябры  працуюць ці ў радзільным доме, ці  ў сярэдняй школе, ці ў бальніцы хуткай дапамогі. Дзе-нідзе такія “працоўныя камісіі” разбавілі сябрамі грамадскіх аб’яднанняў кшталту “Белай Русі” ці БРСМ. А больш “сціплыя” далі звесткі 50 на 50: напрыклад, камісія знаходзіцца ў школе, супрацоўнікамі якой з’яўляецца палова яе сябраў, а  другая палова – загадкавыя людзі без прафесіі, вылучаныя “шляхам падачы заявы”. Ёсць і такія спісы, дзе цэнтрам камісіі указана сярэднеадукацыйная школа - ні для каго не сакрэт, што падобныя камісіі фармуюць з супрацоўнікаў школы - а пададзена інфармацыя, што палова сябраў вылучаны “шляхам падачы заявы”, другая палова – ад праўладных грамадскіх арганізацыяў ці партый.
Таксама шмат пытанняў у людзей, не знаёмых з асаблівасцямі беларускай выбарчай сістэмы, можа выклікаць аднастайнасць вылучэнцаў ад грамадскіх арганізацый - амаль у кожнай камісіі ёсць вылучэнец ад БРСМ, ГА “Белая Русь”, ветэранаў і “Чырвонага крыжа”. Назіральнікі адзначаюць, што, напрыклад, у Оршы прадстаўнікі “Чырвонага крыжа” ёсць у большай палове ўсіх камісій. Адкуль у арганізацыі, мэты і задачы якой не маюць нічога агульнага з выбарчым працэсам, столькі ахвотных уключыцца ў выбаркамы? Тым больш, што ў горадзе ўжо некалькі гадоў нічога не чуваць пра асноўную дзейнасць гэтага самага “Чырвонага крыжа”. І ці могуць гэтыя грамадскія дзеячы з “Чырвонага крыжа”і “Таварыства выратавання на вадзе” быць падрыхтаванымі ў сферы выбараў? Усе гэтыя пытанні вісяць у паветры. Тут якраз дарэчы будзе ўспомніць, што вылучэнцам ад апазіцыйных палітычных партый адмовілі ва ўключэнні ў камісіі, выкарыстоўваючы ў якасці аргументу менавіта непрафесіяналізм іх сябраў.

На мінулым тыдні ў сувязі з фармаваннем участковых выбаркамаў беспрэцэдэнтны выпадак быў зафіксаваны ў раённым цэнтры Свіслач, што на Гарадзеншчыне. Партыя БСДГ вылучала ва ўчастковыя камісіі 4-х сваіх сябраў – Мікалая Лукшу, Міхаіла Казака, Аляксандра Палубінскага і Дзмітрыя Бузука, яшчэ трое мясцовых грамадска-палітычных актывістаў вылучаліся шляхам збору подпісаў і падавання адпаведнай заявы. На паседжанні адміністрацыі Свіслацкага райвыканкаму 9 сакавіка прысутнічаў прадстаўнік БСДГ Віктар Дзесяцік. З яго словаў, падчас паседжання прозвішчы ўключаных у камісіі сябраў не агучваліся, аднак афіцыйна было заяўлена, што ўсе вылучаныя ўвайшлі ў іх склад, за выняткам двух асобаў, якія раней мелі судзімасці. У наступныя дні вылучаным партыйцам і грамадска-палітычным актывістам тэлефанавалі з выканкаму і паведамлялі пра тое, што яны ўключаныя ў склад участковых выбарчых камісій. Аднак у спісах ўчастковых камісій, якія выйшлі ў раённай “Свіслацкай газеце” 13 сакавіка, ніхто з 7 прадстаўнікоў БСДГ і вылучаных грамадска-палітычных актывістаў у складах камісій не значыцца. Незалежныя назіральнікі дапускаюць версію, што такі абсурд мог здарыцца ў выніку таго, што калі стала вядома пра рашэнне Свіслацкай адміністрацыі, у справу маглі ўмяшацца абласныя ўлады ці нейкія іншыя службы. У выніку адбылася “элегантная зачыстка” прадстаўнікоў мясцовай дэмакратычнай супольнасці.   

 

Звароты ў суды – безвыніковыя

Паколькі рашэнні раённых, гарадскіх выканкамаў, мясцовых адміністрацый пра фармаванне ўчастковых выбарчых камісій сталі вядомыя пазней за тры дні, адведзеныя заканадаўствам для падачы скаргаў у суд, далёка не ўсе партыйныя структуры і грамадзяне змаглі аспрэчыць неўключэнне сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя выбаркамы. Тым часам ніхто з тых суб’ектаў, што паспелі накіраваць скаргі ў суд, не атрымаў судовага рашэння на сваю карысць.

Суд Партызанскага раёна Менска палічыў правільным неўключэнне ў камісіі сябраў Партыі БНФ. Таксама суд адхіліў прапанову партыі аб магчымасці дадатковага ўключэння сябраў партыі ў склад участковых камісій на падставе іх няпоўнай укамплектаванасці.
Суд Кастрычніцкага раёну Гародні 18 сакавіка не задаволіў калектыўную скаргу Грамадзянаў. Пяць выбаршчыкаў з Купалаўскай акругі №14 скардзіліся на тое, што іх вылучэнец Алег Калінкоў не быў уключаны ў склад участковай камісіі. Грамадзяне таксама заявілі пра закрытасць працы адміністрацыі Кастрычніцкага раёну і патрабавалі перагляду складу ўчастковых камісій. Суддзя Таццяна Клімава адмовіла ў задавальненні скаргі, спасылаючыся на тое, што скаргу мусілі падпісаць усе 10 чалавек, якія вылучалі Алега Калінкова ў склад участковай камісіі. Аднак гарадзенскія праваабаронцы зазначаюць, што артыкул 34 Выбарчага кодэксу не трактуе, што абскарджваць рашэнне мусяць усе 10 падпісантаў. У згаданым артыкуле няма азначэння “усімі грамадзянамі, вылучыўшымі прадстаўніка ў склад камісіі”, а ёсць проста “грамадзянамі…”.
Магілёўская арганізацыя БНФ “Адраджэнне” накіроўвала ў суд Кастрычніцкага раёна г.Магілёва скаргу на неўключэнне сваіх прадстаўнікоў у склад выбарчых камісій і непаведамленне адміністрацыяй Кастрычніцкага раёна даты, месца і часу правядзення пасяджэння прэзідыума адміністрацыіі, а таксама дыскрымінацыю арганізацыі па палітычнай прыкмеце. Праз суд арганізацыя намагалася адмяніць пастанову раённай адміністрацыі пра зацвярджэнне складу ўчастковых камісій і патрабавала сфармаваць іх наноў, але ў прысутнасці прадстаўнікоў арганізацый, якія вылучылі туды сваіх актывістаў. 18 сакавіка, пасля двух дзён разгляду скаргі, суд адмовіў у яе задавальненні.

 

“Удзельнічаць” ці “не ўдзельнічаць” – вось у чым пытанне…

На працягу амаль што ўжо двух месяцаў, як пачалася выбарчая кампанія, працягваецца дыскусія сярод палітычных суб’ектаў аб мэтазгоднасці ўдзелу ў ёй. Большасць этапаў ужо пройдзена, высновы адносна іх “лібералізацыі” зробленыя, дакументы на рэгістрацыю кандыдатаў пададзеныя, і для многіх прыйшоў час вырашаць: ці варта ўвогуле далей гуляцца ў выбары па правілах уладаў. Розныя палітычныя суб’екты вырашаюць гэтае пытанне па-свойму.

Партыя БНФ дала партыйным кандыдатам у дэпутаты магчымасць самастойна вызначыцца з фарматам далейшага ўдзелу ў мясцовых выбарах. Адпаведнае рашэнне было прынята 20 сакавіка ў Мінску на пасяджэнні сойма партыі.

18 сакавіка на паседжанні ЦК Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” было заяўлена, што ва ўмовах, калі няма свабодных, дэмакратычных і празрыстых выбараў, партыя не выключае магчымасці змянення фармату свайго ўдзелу ў іх, а папросту – адмовы ад далейшага ўдзелу.

У апошні дзень тыдня дакладна вызначылася па гэтым пытанні Аб’яднаная грамадзянская партыя. 21 сакавіка з'езд АГП прыняў рашэнне аб адмове ад далейшага ўдзелу ў выбарах у мясцовыя Саветы партыі АГП як палітычнай структуры. Партыйныя кандыдаты, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў, будуць вырашаць самастойна, ці працягваць перадвыбарчую гонку, але ў гэтым выпадку яны будуць выступаць ужо як грамадзяне Беларусі, а не як сябры партыі, адзначыла кіраўніцтва АГП. “Наша рашэнне аб выхадзе з выбарчага працэсу - гэта адказ на брутальныя дзеянні ўлад у адносінах да кандыдатаў у дэпутаты і сяброў выбарчых камісій ад апазіцыйных партый, - растлумачыў такое рашэнне партыі Анатоль Лябедзька, старшыня АГП. - Такім чынам, мы маем намер пакінуць за сабой права мець магчымасць выбіраць дэпутатаў, а не назіраць за іх прызначэннем. Выхад АГП як партыі з выбарчага працэсу - гэта і заклік да іншых дэмакратычных сіл паспрабаваць змяніць правілы выбарчай сістэмы перад прэзідэнцкімі выбарамі”.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства