Крымінальны перасьлед за “Дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь”
Вена і Мінск, 30 лістапада 2005. Міжнародная Хельсінская Федэрацыя Правоў Чалавека і Беларускі Хельсінскі Камітэт глыбока занепакоеныя новым законапраектам, які парушыць працу праваабаронцаў ды іншых сегментаў Беларускай грамадзянскай супольнасьці.
25 лістапада ніжэйшая палата беларускага парламента прыняла ў першым чытаньні папраўкі да Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага Кодэксаў, узмацняючы адказнасьць за “дзеяньні супраць асабістай і грамадскай бясьпекі”. Гэты законапраект быў накіраваны ў парламент для тэрміновага разгляду прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам за два дні да таго.
Недакладнасьць фармулёвак у прапанаваных папраўках дае ўладам магчымасьць для інтэрпрэтацыі законнай праваабарончай дзейнасьці як незаконных спробаў дыскрэдытаваць беларускую дзяржаву або пашкодзіць ейнаму іміджу. Мы просім парламент не прымаць гэты законапраект, а беларускага Прэзідэнта – адмовіцца ад планаў далейшага звужэньня той вузкай прасторы, якая засталася для крытыкі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006.
Выканаўчы Дырэктар МХФ Аарон Родс заявіў: “У выпадку прыняцьця гэты закон можа быць праінтэрпрэтаваны як абвяшчэньне незаконнымі праваабарончага назіраньня й справаздач, як і любых відаў крытыкі ў адрас уладаў”.
Новы закон можа дадаць новыя артыкулы ў Крымінальны Кодэкс, павышаючы пакараньне за дзейнасьць у грамадзянскай супольнасьці й дэманстрацыі. У прыватнасьці:
 У выпадку ягонага прыняцьця ў Крымінальны Кодэкс будзе дададзены новы артыкул “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь”. У прапанаваным законе, “дыскрэдытацыя” азначае “лжывае паведамленьне аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным або міжнародным становішчы ў Рэспубліцы Беларусь, юрыдычным статусе грамадзян Рэспублікі Беларусь або ейных дзяржаўных органаў”. Такія дзеяньні павінны карацца арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў або турэмным зьняволеньнем на тэрмін да двух гадоў.
 Артыкул 193-1 “Незаконная арганізацыя дзейнасьці грамадскага аб’яднаньня або фонда або ўдзел у іх дзейнасьці” прадугледжвае, што арганізацыя або ўдзел у дзейнасьці арганізацый або фондаў, якія былі прыпыненыя або ліквідаваныя беларускімі судамі або іншымі юрыдычнымі органамі, павінны карацца штрафам або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, або турэмным зьняволеньнем на тэрмін да двух годоў.
 Артыкул 293 гэтага законапраекта суправаджаецца палажэньнем, згодна зь якім “адукацыя або іншыя формы падрыхтоўкі” да масавых беспарадкаў, або фінансаваньне такіх дзеяньняў караюцца арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў альбо турэмным зьняволеньнем на тэрмін да трох гадоў. На падставе новага артыкула 342 трэнінг або іншая падрыхтоўка людзей да ўдзелу ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаваньне або матэрыяльная падтрымка такой дзейнасьці, могуць прывесьці да зьняволеньня тэрмінам да двух гадоў.
 Паводле законапраекта, пакараньне за “публічныя заклікі да захопу ўлады або гвалтоўнай зьмены канстытуцыйнай сістэмы” будзе павялічанае да шасьці месяцаў арышту або трох гадоў турмы.
 Заклікі да замежных дзяржаў да дзеяньняў, парушаючых міжнародую бясьпеку Беларусі, ейны суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць, а таксама распаўсюд інфармацыі, уключаючай такія заклікі, павінны карацца арыштам на тэрмін ад шасьці месяцаў да трох гадоў. У выпадку распаўсюду такіх заклікаў у мас-медыя, пакараньне яшчэ большае – ад двух да пяці гадоў.
МХФ і БХК асуджаюць прапанаваныя зьмены ў заканадаўстве на той падставе, што яны прадугледжваюць узмацненьне перасьледу актывістаў грамадскай супольнасьці й відавочныя спробы далей абмежаваць прастору, у якой незалежныя галасы могуць рабіць сваё меркаваньне чутным.
Па дадатковую інфармацыю зьвяртацца да:
Выканаўчы Дырэктар МХФ Аарон Родс, тэл.: +43 – (0)1 – 408 88 22 або +43 – (0) 676 – 635 66 12
Дзьмітры Маркушэўскі, прэс-сакратар Беларускага Хельсінскага Камітэта, тэл.:+ 375 – 29 – 709 5702
Прэс-сакратар МХФ Генрыета Шродэр, тэл.: +43 – (0) 1- 408 88 22 або +43 – (0) 676 – 725 48 29