На Віцебшчыне пакуль зарэгістраваныя адзінкі
На цяперашні момант у Віцебскай вобласці ў якасці кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў зарэгістраваныя адзінкавыя прадстаўнікі ад апазіцыйных структур.
У ліку атрымаўшых адмовы ў рэгістрацыі - прадстаўнікі партыі БХД. Актывіста партыі з г. Глыбокае Зміцера Лупача не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты раённага Савета з-за таго, што пры праверцы падпісных лістоў выбарчая камісія прызнала несапраўднымі 20% подпісаў. Але ёсць і станоўчы прыклад: сябра БХД Сяргея Павядзёнка, дзейснага дэпутата Навалукомльскага пасялковага Савета, зарэгістравалі кандыдатам у той жа прадстаўнічы орган мясцовай улады.
Масавая рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты ўсіх узроўняў на Віцебшчыне чакаецца 24 і 25 сакавіка. Гэта, мабыць, зроблена для таго, каб апанентам улады, якія рэгіструюцца ў якасці кандыдатаў, засталося як мага менш часу для правядзення агітацыі і сустрэчаў з выбаршчыкамі.
Тым часам камісіі займаюцца абменам меркаваннямі і вучобай.
Літаральна днямі адбылося чарговае паседжанне Віцебскай абласной выбарчай камісіі. На гэтым паседжанні былі ўдакладнены межы Задняпроўскай №34 і Другой Бабініцкай №18 выбарчых акругаў. Прынята рашэнне пра выраб бланкаў паведамленняў пра час і месцы галасавання ў колькасці, адпаведнай колькасці выбаршчыкаў Віцебскай вобласці. Зацверджаны графік размеркавання эфірнага часу паміж акруговымі выбарчымі камісіямі для выступаў у эфіры абласной радыёпраграмы кандыдатаў у дэпутаты Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў.
Таксама на паседжанні камісіі вызначаны парадак інфармавання выбаршчыкаў пра прыбыткі і маёмасць кандыдатаў у дэпутаты Віцебскага абласнога Савета. Адбыўся абмен меркаваннямі па выніках наведвання сябрамі абласной выбарчай камісіі акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісій.
У г.Шуміліна семінар-вучоба сабраў старшыняў, намеснікаў старшыняў і сакратароў тэрытарыяльных, а таксама ўчастковых выбарчых камісій. У семінары прынялі ўдзел 93 прадстаўніка ўчастковых і 24 - тэрытарыяльных выбаркамаў.
Яны абмяркоўвалі пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай да выбараў, у тым ліку афармленне ўчасткаў для галасавання, удакладненні спісаў і арганізацыю працы камісій на месцах.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"