viasna on patreon

Увечары 2 сьнежня міліцыя абшукала кватэру Тэльмана Масьлюкова – аднаго з сябраў Партыі БНФ у Сьветлагорску (Гомельская вобласьць). Сярод забраных матэрыялаў – брашуры з рэзалюцыяй ААН аб становішчы з правамі чалавека ў Беларусі.

2005 2005-12-05T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ператрус рабілі 6 міліцыянтаў, у тым ліку - Пётр Зыкун (намесьнік начальніка раённага аддзела міліцыі), Аляксандр Зязётка, Канстанцін Кухарэнка, Дзмітрый Рагалевіч. Участковы міліцыянт К. Кухарэнка сказаў, што ў пад’ездзе “пахне наркотыкамі” і што ёсьць запіс тэлефоннага званка ў міліцыю пра выраб наркотыкаў у дадзеным пад’ездзе, таму яны “хочуць агледзіць некалькі кватэраў”. Міліцыянты прад'явілі ордэр на агляд,. але адкрывалі шафы, пісьмовыя сталы, тумбы - гэта значыць, фактычна рабілі не агляд, а вобыск. Адзін з міліцыянтаў хацеў пачаць відэязапіс, але калі Т. Масьлюкоў папрасіў яго прад’явіць пасьведчаньне, камэра была выключаная.
Забраны нумары трох выпускаў газэты “Рэгіянальныя навіны” (рэдактар – Т. Масьлюкоў) – кожны нумар не перавышаў 299 экзэмпляраў, інфармацыйныя бюлетэні і налепкі да "Дня салідарнасьці" 16 сьнежня, улёткі аб А. Мілінкевічы, некалькі брашураў з рэзалюцыяй ААН аб правах чалавека ў Беларусі, чатыры кнігі “Беларусь – сцэнары рэформаў”, кніга В. Фядуты “Палітычная біяграфія Аляксандра Лукашэнкі”, 5 камп’ютарных кампакт-дыскаў (два зь іх – рэкляма фірмы “Амвэй”, яшчэ два – аб разьвіцьці бізнэзу на Украіне).
Таксама забраны 2 капіравальныя апараты. На пытаньне Т. Масьлюкова аб прычыне выняцьця апаратаў Пётр Зыкун адказаў: ён падазрае, што на іх выраблялася друкаваная прадукцыя, “якая затым уначы разносіцца па горадзе”. Т. Масьлюкоў звярнуў увагу міліцыянтаў на тое, што апараты маюць фармат А4, а ўся забраная друкаваная прадукцыя - альбо фармату А3, альбо вырабленая ў друкарні (гэта адлюстравалі ў пратаколе). Толькі тры асобнікі забраных матэрыялаў (у суме – 9 старонак) надрукаваныя ў фармаце А4 – гэта парады, як паводзіць сябе пры затрыманьні міліцыяй. Па словах П. Зыкуна, калі не пацьцьвердзіцца, што прадукцыя друкавалася на дадзеных апаратах, то яны будуць вернутыя.
Т. Масьлюкоў з’яўляецца таксама старшынём раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Да друкаванай прадукцыі і дакумэнтацыі ТБМ міліцыя прэтэнзіяў не мела.

Дадатковая інфармацыя: тэл./факс (02342) 4 76 13.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства