Баранавічы: Выбаркам “маральна рыхтуе” дэмактывістаў да нерэгістрацыі
Пасяджэнне Баранавіцкай тэрытарыяльнай выбарчай камісіі па зацвярджэнні кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў 26 склікання адбудзецца ў Дзень Волі 25 сакавіка а 17-ай гадзіне ў памяшканні гарвыканкама. Аднак дэмакратычныя кандыдаты ў дэпутаты планавалі ў гэты час адзначыць 92-я ўгодкі абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Мабыць, гарадскі выбаркам вырашыў “павіншаваць” іх сваім рашэннем.
Баранавіцкая тэрытарыяльная выбарчая камісія цягнула рэгістрацыю кандыдатаў да апошняга, хутчэй за ўсё, каб у незарэгістраваных прэтэндэнтаў было мала часу для аспрэчання рашэння ў судзе. І падставы для такога меркавання ёсць. Напрыклад, старшыня камісіі Юрый Шасцярнёў неаднаразова намякаў патэнцыйным кандыдатам Рыгору Грыку, Мікалаю Чарнавусу ды іншым, што ў іх няправільна складзена дэкларацыя пра прыбыткі, ці на тое, што яны сваёю рукою ставілі дату ў падпісных лістах, не называючы, праўда, прозвішчы людзей. Р.Грык і М.Чарнавус, якія маюць шматгадовы вопыт удзелу ў выбарах, ўпэўненыя, што даты пастаўлены самімі падпісантамі. Разам з тым яны разглядаюць неаднаразовыя намёкі старшыні гарадской выбарчай камісіі як маральную падрыхтоўку да магчымай нерэгістрацыі іх кандыдатамі.
Паколькі выбарчая камісія будзе засядаць 25 сакавіка, дэмакратычныя прэтэндэнты вырашылі прыйсці на пасяджэнне ўпрыгожанымі бел-чырвона-белымі стужкамі і значкамі, падараваць сябрам камісіі Усеагульную Дэкларацыю правоў чалавека ды буклеты пра гісторыю БНР.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”