Міліцыя сарвала прэзентацыю складанкі берасцейскага року
У Берасці адбыўся фэст "Гукі вясны", на якім меркавалася прэзентаваць складанку "Права маладых - першы музычны блін" з творамі мясцовых камандаў. Але прадстаўленне складанкі сарвала берасцейская міліцыя. Перад канцэртам лейтэнант міліцыі М. Ціхановіч канфіскаваў больш за 300 дыскаў для праверкі на наяўнасць крамолы ў іх змесце. Арганізатары фэсту: "Спадзяемся, што цяпер міліцыя стане бліжэй да нашай музыкі".
Фэст 20-га лютага быў прысвечаны не толькі гуканню і прыходу вясны, але і прэзентацыі складанкі "Права маладых - першы музычны блін". На жаль, у гэтую частку праграмы свае праўкі ўнеслі супрацоўнікі міліцыі, што яшчэ перад канцэртам канфіскавалі больш за 300 дыскаў для праверкі на наяўнасць крамолы ў іх змесце. Арганізатары фэсту не пераканалі, што на дысках музыка выканаўцаў Берасцейскай вобласці, і што кружэлкі прызначаныя для бясплатнага распаўсюду. Лэйтэнант міліцыі М. Ціхановіч з аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі склаў пратакол аб выманні 348 дыскаў. Магчыма, цяпер берасцейская міліцыя стане бліжэй да мясцовай музыкі.
Сам фэст "Гукі вясны" прайшоў на пазiтыўных эмоцыях і з вялікай колькасцю падарункаў ад кампаніі "Будзьма беларусамі!". Ярка запаліў Vinsent, не зважаючы нават на тое, што большасць людзей прыйшлі паслухаць рок, а не рэп. Да ўсяго рэпэр выступіў у якасці вядучага фэсту.
Маладая спявачка Prana прадставіла электронную праграму, якая ўвойдзе ў дэбютны альбом. 12 красавіка яна выступіць у менскім "Графіці". Пасля яе спакойнай і рамантычнай музыкі публіку добра разагрэў малады беларускамоўны гурт з Берасця Amerta. Але найбольш яскравым і пазiтыўным гуртом фэсту сталі The Fraiz. Іхняму драйву ды стылёваму гуку можна толькі пазайздросціць.
На роздум і меланхалічны настрой прысутных натхніла музыка Ushuaia, які вылучыўся сярод астатніх магутным вакалам. А вось чатыры хлопцы з гурта Sciana ні хвілінкі не далі спакойна пастаяць прысутным. Гэта сапраўдныя зоркі, якія маюць мора драйву. Урэшце для берасцейцаў адбылася прэзентацыя іх новага альбома "Кропка вяртаньня".
Тлустую кропку на фэсце паставіў гурт :B:N:, які сярод іншага выканаў сумесна зь Vinsent песню, якая неўзабаве будзе прэзентаваная на "Тузіне Гітоў".
Фэст не стаў сапраўднай прэзентацыяй складанкі "Права маладых - першы музычны блін", але паказаў добры музычны ўзровень гуртоў і выканаўцаў Берасцейскай вобласці. Саму ж складанку з 55 песень у хуткім часе можна будзе спампаваць у інтэрнеце.