Мінчанка супраць агітацыі за незарэгістраванага кандыдата ў дэпутаты ад улады
Жыхарка сталіцы Тамара Сяргей напісала ў Цэнтральную камісію заяву пра неправамернасць правядзення акцыі па папулярызацыі асобы кандыдата ў дэпутаты Уладзіміра Галабурды, якая выявілася ва ўручэнні ўлётак-запрашэнняў на ўдзел у зборы подпісаў за кандыдата і бясплатным распаўсюдзе нумара газеты "Мінскі кур'ер" з публікацыяй інтэрв'ю з ім.
- Улёткі, якія распаўсюджваліся 12 сакавіка і да таго ж укідаліся і ў паштовыя скрыні жыхароў, утрымлівалі запрашэнне на мерапрыемства па зборы подпісаў за кандыдата ў дэпутаты Уладзіміра Галабурду, - распавяла Тамара Сяргей. - А ў інтэрв'ю ў газеце была станоўчая справаздача пра дзейнасць кандыдата як дзейснага дэпутата Менскага гарадскога Савета з яго фатаздымкам. Гэта спланаваная акцыя, падчас якой Уладзімір Галабурда, не з'яўляючыся яшчэ зарэгістраваным кандыдатам у дэпутаты, пры зборы подпісаў выкарыстоўваў метады перадвыбарчай агітацыі.
З Цэнтральнай камісіі за подпісам яе старшыні Лідзіі Ярмошынай прыйшоў адказ, што заява перададзена на разгляд у камісію Савецкага раёна, пад юрысдыкцыю якой падпадае Мірашнічэнкаўская выбарчая акруга № 43, па якой і балатуецца згаданы кандыдат. На першае паседжанне камісіі па дадзеным пытанні Тамару Сяргей не запрасілі, але сваёй прысутнасці на другім яна дамаглася.
Камісія растлумачыла, што ў "Мінскі кур'ер" быў зроблены запыт пра распаўсюд газеты і атрыманы адказ, што гэта рабілася з мэтай папулярызацыі выдання. Сінхроннасць жа раздачы нумара ад 12 сакавіка, які змяшчае інтэрв'ю з Уладзімірам Галабурдой, і ўлётак за гэтага ж кандыдата - простае супадзенне.
- На паседжанні камісіі мне растлумачылі, што не могуць прад'явіць прэтэнзій дэпутату, - працягнула Тамара Сяргей. - У мяне таксама няма прэтэнзій да яго як да дэпутата, але ёсць прэтэнзіі як да кандыдата ў дэпутаты, за якога праводзіцца датэрміновая агітацыя. Я не здаволена вуснымі адказамі выбарчай камісіі, паколькі з іх пытанняў зрабіла выснову, што мая заява не была разгледжана па сутнасці. Ні пра якія супадзенні ў распаўсюдзе ўлётак і газеты тут не можа быць і гаворкі.
Цяпер жыхарка сталіцы чакае пісьмовага рашэння камісіі па дадзеным пытанні, а таксама адказу з рэдакцыі "Мінскага кур'ера". Тамара Сяргей жадае атрымаць дакладную ацэнку вышэйпададзеных фактаў па агітацыйнай дзейнасці Ўладзіміра Галабурды і патрабуе прыняцця адпаведных мераў, прадугледжаных заканадаўствам краіны. У выпадку нездавальняльнай адпіскі яна збіраецца звяртацца ў Менскую тэрытарыяльную выбарчую камісію, а калі спатрэбіцца - ісці на прыём да старшыні Цэнтральнай камісіі.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"