Нямецкім дыпламатам адмоўлена ў спатканьні са зьняволеным Валерам Леванеўскім
Пра гэта Радыё Свабода паведаміў сын вязьня Ўладзімер Леванеўскі, спаслаўшыся на супрацоўніка амбасады Нямеччыны ў Беларусі. Паводле ягоных зьвестак, яшчэ ў кастрычніку нямецкія дыпламаты накіравалі ў МЗС Беларусі ліст, у якім выклалі жаданьне сустрэцца з Валерам Леванеўскім ў Івацэвіцкай калоніі, дзе гарадзенскі прадпрымальнік адбывае пакараньне. Днямі прыйшоў адказ на гэты ліст, у якім сказана, што “ сустрэча з Валерам Леванеўскім не ўяўляецца магчымай”.
Прычыны ў адказе не названыя.
Тым часам працягваецца галадоўка Валера Леванеўскага. Вязень галадуе з 13 лістапада. Ён патрабуе пакараньня службоўцаў, якія, як ён лічыць, парушылі ягоныя правы. З апошніх лістоў Валера Леванеўскага на волю вядома, што ён адчувае сябе “аслабленым фізычна, але не зламаным маральна”.
Дарэчы, гэта ня першая адмова замежным дыпляматам ў просьбе сустрэцца з беларускімі палітвязьнямі. Нядаўна гэтаксама ў магчымасьці сустрэцца з Міхаілам Марынічам было адмоўлена чэскім дыпляматам.
У МЗС Беларусі не пракамэнтавалі зьвесткі пра адмову нямецкім дыпляматам, спаслаўшыся на адсутнасьць на працы супрацоўніка, які валодае ўсёй інфармацыяй.