viasna on patreon

Еўрапейскія праваабарончыя арганізацыі асуджаюць пераслед беларускіх праваабаронцаў

2010 2010-03-26T22:17:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 сакавіка праваабарончыя арганізацыі Civil Rights Defenders (Швецыя), Беларускі Дом правоў чалавека (Літва), Фундацыя Дамоў правоў чалавека (Нарвегія) і Нарвежскі Хельсінкскі камітэт накіравалі заяву пратэсту прэзідэнту Беларусі, з асуджэннем пераследу праваабаронцаў Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ірыны Тоўсцік. У заяве гаворыцца:

"Арганізацыі Civil Rights Defenders (Швецыя), Беларускі Дом правоў чалавека (Літва), Фундацыя Дамоў правоў чалавека (Нарвегія) і Нарвежскі Хельсінкскі камітэт асуджаюць арышты актывістаў праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча і Ірыны Тоўсцік як чарговы прыклад грубага парушэння беларускімі ўладамі права на мірныя сходы і свабоду слова.

 

Тры актывісты “Вясны” былі арыштаваныя 23 сакавіка г.г. ў Мінску за правядзенне мірнай акцыі пратэсту супраць смяротнага пакарання і прывядзення ў выкананне двух нядаўна вынесеных смяротных прысудаў. 24 сакавіка арыштаваныя былі ў судовым парадку прызнаныя вінаватымі ў парушэнні Адміністратыўнага кодэксу і пакараныя штрафамі.

 

Два смяротныя прысуды былі вынесеныя на фоне перамоваў аб увядзенні мараторыю на смяротнае пакаранне, што адбываюцца паміж уладамі Беларусі і Саветам Еўропы.

 

Свабода сходаў і думкі з’яўляецца фундаментальным правам, гарантаваным Канстытуцыяй Беларусі і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаваным Беларуссю 12 лістапада 1973 г. У Артыкуле 21 Пакта сцвярджаецца: “Прызнаецца права на мірныя сходы. Карыстанне гэтым правам не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, якія накладаюцца ў адпаведнасці з законам і якія неабходныя ў дэмакратычным грамадстве ў інтарэсах дзяржаўнай або грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва або аховы правоў і свабодаў іншых асобаў”.

 

Нягледзячы на тое, што свабода сходаў прадугледжваецца і беларускім заканадаўствам, у шэрагу выпадкаў улады не далі дазволу на правядзенне мірных масавых мерапрыемстваў. Гэтая практыка не адпавядае патрабаванням Артыкула 21 Пакта і з’яўляецца парушэннем права на свабоду сходаў.

 

Заклікаем улады Беларусі бараніць і спрыяць рэалізацыі грамадзянскіх правоў і свабодаў, замацаваных у беларускім заканадаўстве і міжнародных дамовах, да якіх краіна далучылася.

 

Заклікаем пакласці канец пераследу праваабаронцаў на ўсіх узроўнях, уключаючы судовы".

 

Копіі заявы накіраваны таксама Генеральнаму пракурору, міністру юстыцыі і старшыні Вярхоўнага суда Беларусі.

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства