Мінск: Пры рэгістрацыі маладога дэмакрата падвяла доля
Намесніку старшыні моладзевай арганізацыі АГП “Маладыя дэмакраты” Аляксандру Сяргеенку 24 сакавіка выбарчая камісія Завадскога раёна г.Мінска адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў па Ангарскай выбарчай акрузе № 2. Падставай адмовы, па меркаванні камісіі, з'явілася неўказанне Аляксандрам у дэкларацыі долі ў статутным фондзе юрыдычнай асобы, якая не пацверджаная акцыямі.
Моладзевы актывіст палічыў рашэнне камісіі незаконным і абскардзіў яго ў Мінскую гарадскую выбарчую камісію. Ён лічыць, што рашэнне аб адмове яму ў рэгістрацыі павінна быць адменена. У скарзе ён указвае: “Я з'яўляюся адзіным заснавальнікам (уласнікам) некамерцыйнай арганізацыі - Моладзевая асветніцкая ўстанова “Грамадзянска-дэмакратычнае дзеянне”. У адпаведнасці з п.1 ст. 120 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь установай прызнаецца арганізацыя, створаная ўласнікам для ажыццяўлення ўпраўленчых, сацыяльна-культурных або іншых функцый некамерцыйнага характару і фінансуемая ім цалкам або часткова. Пункт 3 гэтага артыкула ўстанаўлівае, што асаблівасці прававога становішча асобных відаў дзяржаўных і іншых устаноў вызначаецца дзяржавай. У Рэспубліцы Беларусь ні ў Грамадзянскім кодэксе, ні ў іншых актах заканадаўства не ўстаноўлена патрабаванне наяўнасці статутнага фонду для ўстановы”. Да заявы А. Сяргеенка прыклаў копіі пасведчання аб рэгістрацыі некамерцыйнай арганізацыі “Моладзевая асветніцкая ўстанова “Грамадзянска-дэмакратычнае дзеянне” і яго Статуту.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”