Некалькі дзесяткаў актывістаў АГП падалі іскавыя заявы ў суд у сувязі з адмовай РУП "Белпошта" ўнесці газету "Народная воля" ў каталог перыядычных выданняў Рэспублікі Беларусь.
Сярод людзей, якія падпісалі іскавую заяву, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, старшыня Менскай гарадской арганізацыі АГП Ігар Шынкарык, сябры Нацыянальнага камітэта АГП Антаніна Кавалёва, Вадзім Казначэеў, Ігар Арлоў і іншыя.
Істцы патрабуюць распачаць грамадзянскую справу і прызнаць іх права на заключэнне публічнай дамовы аб аказанні паслуг паштовай сувязі па распаўсюджванні "Народнай волі".
- Артыкул 3 Закона "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі" гарантуе свабоду друку. Згодна артыкула 1 Закона "Аб паштовай сувязі" паштовая сувязь агульнага карыстання забяспечвае распаўсюд друкаваных СМІ. Таму я перакананы, што мае правы спажыўца ў дадзеным выпадку парушаны, а таму я лічу, што я абавязаны іх абараняць у судовым парадку, - адзначыў у інтэрв'ю прэс-службе АГП старшыня Менскай гарадской арганізацыі Ігар Шынкарык.