У міліцыі дапыталі Марыну Коктыш і Святлану Калінкіну
Журналістак Святлану Калінкіну, Марыну Коктыш і Наталлю Радзіну 26 сакавіка выклікалі ў Савецкі РУУС Мінска на допыт у якасці сведак.
Следчыя дзеянні вядуцца ў межах расследавання крымінальнай справы, узбуджанай 31. 12. 2009 паводле ч. 2 арт. 188 КК РБ па факце паклёпу на былога начальніка УКДБ па Гомельскай вобласці Івана Каржа.
Для правядзення допытаў журналістак адмыслова з Гомеля прыехаў старшы дазнавальнік Гомельскага УУС Аляксандр Пусеў.
Першай дапыталі шэф-рэдактара «Народнай волі» Святлану Калінкіну. Як распавяла журналістка прэс-службе ГА «БАЖ», следчага найперш цікавіла, хто мог размясціць «паклёпніцкія матэрыялы» на сайтах «Белорусский партизан» і «Хартыя-97». У Святланы пыталіся, ці ведае яна людзей, што там працуюць. Увесь допыт запісваўся на відэа.
У сваю чаргу, Святлана Калінкіна пацікавілася ў следчага лёсам сваіх камп'ютэраў і іншых рэчаў, якія роўна месяц таму былі забраныя падчас ператрусу ў яе кватэры.
«Дазнавальнік паведаміў, што экспертыза тэхнікі яшчэ не скончылася. А калі гэта адбудзецца, ён не ведае», — распавяла журналістка.
На думку Святланы Калінкінай, яе сённяшні допыт, як і допыт яе калег, - гэта «атака» на найбольш папулярныя сайты і персанальна на журналістаў, што займаюцца «вострымі тэмамі».
Допыт журналісткі Марыны Коктыш прайшоў у тым жа рэчышчы. У яе пыталіся, ці працуе яна на згаданыя сайты. Як і ў часе допыту Святланы Калінкінай, размову з дазнавальнікам здымалі на відэа.
Як падалося Марыне Коктыш, гэта не апошні яе допыт па справе аб паклёпе. Выглядае на тое, што пытанні ў следчых яшчэ ўзнікнуць, тым больш што экспертыза яе камп'ютэра яшчэ не скончаная.
Больш за ўсё саму журналістку хвалюе лёс працоўнага камп'ютэра.
«На ім увесь мой журналісцкі архіў амаль з 2001 года. Баюся, каб яго мне не аддалі пустым», — прызналася Марына Коктыш прэс-службе БАЖ.
Наталля Радзіна яшчэ не вярнулася з цырымоніі ўручэння прэміі «Індэкс цэнзуры» ў Лондане. Па словах Марыны Коктыш, Наталля папярэдне гутарыла з дазнавальнікам і перанесла допыт на наступны тыдзень.
«Усе прэтэнзіі да журналістак надуманыя,… яны да публікацый на нашым сайце скандальных матэрыялаў не маюць ніякага дачынення», — гаворыцца ў заяве, размешчанай сёння на сайце «Белорусский партизан».
Нагадаем, што ў канцы лютага — пачатку сакавіка ў якасці сведак па гэтай справе міліцыя ўжо дапытвала журналістак Марыну Коктыш і Ірыну Халіп. Акрамя таго, у М. Коктыш міліцыя правяла ператрус на працоўным месцы, а ў Святланы Калінкінай — дома, у абедзвюх жанчын забралі камп’ютэры.
Камп’ютэр забралі таксама ў І. Халіп і яе мужа, палітыка Андрэя Саннікава, калі яны перасякалі беларуска-літоўскую мяжу 5 сакавіка. 9 сакавіка ў міліцыі дапыталі як сведку па той жа справе Дзмітрыя Бандарэнку.
Увечары 16 сакавіка прадстаўнікі праваахоўных органаў у межах расследавання той жа справы аб паклёпе правялі вобшукі ў офісе сайта «Хартыя-97», у прыватнай кватэры Ірыны Халіп, на працоўным месцы Святланы Калінкінай, у прыватнай кватэры Марыны Коктыш, а таксама ў кватэры, дзе жыве рэдактарка сайта «Хартыя-97» Наталля Радзіна. Былі таксама спробы трапіць у кватэру да сябраў ГА «БАЖ» Дзмітрыя Бандарэнкі і Алега Бябеніна.
Ва ўсіх выпадках міліцыянты забіралі носьбіты інфармацыі — камп’ютэры, дыскі, USB-назапашвальнікі, карты памяці фотаапаратаў. Ператрусы праводзілі міліцыянты ў цывільным, некаторыя з іх — у масках. Пранікненне ў памяшканне офісу сайта «Хартыі-97» адбылося з ужываннем сілы, а журналістка Наталля Радзіна фізічна пацярпела, атрымаўшы ад аднаго з міліцыянтаў удар у твар.
Сьвятлану Калінкіну дапыталі як сьведку
Новыя ператрусы ў журналістаў і грамадскіх актывістаў
Милиция обыскала офис charter97.org, изъяла технику и избила сотрудницу
В редакции «Народной воли» проходит обыск
Милиция разгромила офис сайта Хартии’97
Обыск у Андрея Санникова и Ирины Халип
Обыск в редакции газеты «Народная Воля»
Пасля «Хартыі’97» ператрус зладзілі ў рэдакцыі «Народнай Волі»
Адбываецца ператрус на кватэры Марыны Коктыш
Ператрусы на кватэры «Хартыі’97» і ў рэдакцыі «Народнай волі»
С. Калінкіна: «Гэта дэмаралізацыя людзей, якія пішуць пра гучныя справы»
Радзіна: «Спэцназаўцы ўскідвалі руку ў гітлераўскім вітаньні»
У офісах «Народная Волі» і «Хартыі’97» правялі ператрус