Ннамесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане” наведаў у турме Мікалая Аўтуховіча
Віктар Сівохін — намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане”, сябрам якога зьяўляецца Аўтуховіч, наведаў яго за кратамі. Пасьля дзьвюхгадзіннай размовы з Мікалаем Аўтуховічам, ён лічыць стан арыштаванага даволі крытычным, што абумоўлена працяглай галадоўкай.
У інтэрвію радыё Свабодзе Віктар Сівохін зазначыў , што калі ўбачыў зьняволенага, дык заплакаў, хаця, падкрэсьліў, што зьяўляецца баявым палкоўнікам... Ён лічыць, што вэтэраны аўганскай вайны вымушаныя зьвярнуцца да генэральнага пракурора з просьбай зьмяніць меру стрыманьня Аўтуховічу, які нікуды не зьбіраецца ўцякаць: “Вэтэран вайны ў Аўганістане, які сумленна працаваў, даў працу людзям, вэтэранам вайны, заробкі, ён чамусьці ізаляваны ад грамадзтва, хаця ягоны стан сёньня практычна крытычны — гэта я вам кажу, таму што я яго ведаў і бачыў такім жыцьцярадасным і магутным”.
Віктар Сівохін зазначае, што ўсе, хто ваяваў у Аўганістане, вярнуліся з абвостраным пачуцьцём справядлівасьці. Гэта датычыць і Мікалая Аўтуховіча, кавалера ордэна Чырвонага сьцягу і мэдалёў За адвагу і За баявыя заслугі. Віктар Сівохін не дае веры таму, што арыштаваны можа нешта ўжываць, галадаць ня поўнасьцю: “Які мёд! Гэта казкі! Я бачыў гэтага чалавека. Калі доктар даў яму таблетку вітамінную, яго адразу званітавала са сьлізьзю, у яго страўнік ужо адпрэчвае нават гэтыя вітаміны. Таму сёньня сытуацыя такая, што можам страціць чалавека ў мірны час. Я ня ведаю, якую пагрозу ён прадстаўляе у Ваўкавыску і Гарадзенскай вобласьці, я не уяўляю — якую пагрозу”.
Віктар Сівохін дадаў, што Аўтуховіч нагадвае сёньня зьнятага з крыжа, гэта “худы, абцягнуты скурай чалавек”: “У нас сярэдні ўзрост тых, хто памёр пасьля Аўганістану, — 48 гадоў. Пяць тысяч хлопцаў памерлі. 771 чалавек загінуў за 10 гадоў вайны ў Аўганістане, і 5 тысяч сёньня на могілках — па Беларусі”.
Каля 600 жыхароў Ваўкавыску паставілі подпісы пад зваротам да прэзыдэнта Лукашэнкі, дзе просяць зьмяніць арыштаванаму меру стрыманьня.
Тым часам сьледзтва па справе прадпрымальніка скончанае, пачатковую суму неаплачаных падаткаў — 679 мільёнаў рублёў у канчатковым абвінавачаньні яму зьнізілі амаль на 300 мільёнаў.