Пінск: Ператрус у апазіцыйнага кандыдата (абнаўлялася)
15.35 Дзесьці паўгадзіны таму скончыўся вобшук на кватэры ў сябра Алеся Рамановіча, які дапамагаў кандыдату ў дэпутаты рабіць макет перадвыбарчай улёткі.
- Вобшук скончыўся, супрацоўнікі міліцыі з’ехалі паўгадзіны таму. У майго сябра канфіскавалі вінчэсцеры, дзве друкаркі, розныя газеты, цэлыя кіпы папераў, - паведаміў Рамановіч.
У 12.10 Алесь Рамановіч змог выйсці на сувязь і паведаміў падрабязнасці:
- Сёння я пайшоў да свайго сябра на кватэру, якую ён здымае, каб дарабіць макет сваёй перадвыбарчай улёткі. Раптам у кватэры пагасла святло і выключыліся кампутары. Мы выйшлі на лесвічную пляцоўку, каб высветліць, у чым справа, і там нас абступілі трое супрацоўнікаў міліцыі. У іх была пастанова на вобшук, прычым там указана маё прозвішча, але адрэса сябра.
Па словах Алеся, міліцыянты паведамілі яму, што заведзена крымінальная справа па наркотыках, у якой фігуруе яго прозвішча, таму яны прыйшлі з вобшукам, паколькі “вы пражываеце тут”.
- Яны спрабавалі зацягнуць мяне ў кватэру, пагражалі, не давалі тэлефанаваць. Тады я сказаў, што, паколькі я не затрыманы, то магу тэлефанаваць, а ў адваротным выпадку – няхай афармляюць пратакол. Пратакол яны не складалі, - кажа Рамановіч.
Са словаў Алеся, супрацоўнікаў міліцыі цікавяць менавіта кампутары:
- Яны літаральна на руках унеслі майго сябра ў кватэру і зараз знаходзяцца там. Я зараз на вуліцы чакаю, што будзе далей.
А.Рамановіч не выключае, што ператрус адбудзецца і ў яго на кватэры.
***
Старшыня пінскай гарадской Рады партыі БНФ Алесь Рамановіч, які зарэгістраваны кандыдатам ад партыі ў гарадскі Савет дэпутатаў па Аэрафлоцкай выбарчай акрузе № 16 горада Пінска, паведаміў праваабаронцам пра сваё затрыманне і ператрус.
- Алесь Рамановіч патэлефанаваў мне ў 11.25 і паспеў толькі сказаць некалькі слоў – “нас затрымліваюць і ў нас ператрусы”, - распавёў берасцейскі праваабаронца Уладзімір Вялічкін.
Паводле праваабаронцы, нічога больш канкрэтнага – дзе гэта адбываецца і на якой падставе - Рамановіч сказаць не паспеў. У.Вялічкін мяркуе, што ён меў на ўвазе свой перадвыбарчы штаб:
- Неяк перад гэтым Алесь тэлефанаваў мне і запытваўся, ці можна размясціць герб горада Пінска на сваіх агітацыйных улётках.
Падставы сцвярджаць, што сённяшняе затрыманне і ператрус звязаныя з удзелам Рамановіча ў мясцовых выбарах ёсць: гэта ўжо не першае затрыманне дэмакратычнага актывіста падчас цяперашняй выбарчай кампаніі.
Уладзімір Вялічкін зазначае, што зараз у рэгіёне спецслужбы актывізаваліся. Сёння ў Брэсцкае УКДБ на 11.00 быў выкліканы сябра Партыі БНФ Уладзімір Казека, сузаснавальнік праваабарончага аб’яднання “Берасцейская Вясна”. Дарэчы, падчас парламенцкіх выбараў-2008 А.Рамановіч быў даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты ад АДС У. Казекі.
- Сам Уладзімір Казека кажа, што адыйшоў ад палітыкі, але яго па-ранейшаму не пакідаюць у спакоі, - адзначае праваабаронца Вялічкін. - Сёння яго выклікалі па прычыне, звязанай з “нацыянальнай бяспекай”. Я збіраўся пайсці разам з ім як яго прадстаўнік, паколькі артыкул 62 Канстытуцыі прадугледжвае такое права. Але ва ўпраўленні мне паведамілі, што туды не дапусцяць, бо я не адвакат, таму дазволілі толькі пачакаць Уладзіміра і толькі на вуліцы.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”