viasna on patreon

Журналісты зьліквідаванага недзяржаўнага выданьня “Курьер из Борисова” стварылі інтэрнэт-сайт “Электронны Барысаў”.

2005 2005-12-09T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Барысаве, нягледзячы на спробы ўладаў ліквідаваць мясцовую незалежную прэсу, журналісты працягваюць сваю прафэсійную дзейнасьць. У жніўні гаспадарчы суд задаволіў пазоў Менскага аблвыканкаму зьліквідаваць недзяржаўнае прадпрыемства “Прэс-сэрвіс” – выдаўца “Курьера из Борисова”. Была вымушаная спыніць выхад і газэта.

Але калектыў не распаўся і прыкладае вялізныя намаганьні, каб выжыць. Журналісты стварылі інтэрнэт-сайт “Электронны Барысаў”. На інтэрнэт-сайту “Электронны Барысаў” можна прачытаць шэраг зьмястоўных матэрыялаў пра мясцовае жыцьцё, сустрэчы барысаўскай грамадзкасьці з апазыцыйнымі палітыкамі. Адзін з апошніх артыкулаў прысьвечаны тэме эміграцыі з Беларусі: апошнім часам у сувязі з ціскам на недзяржаўныя мэдыі гэтая зьява актыўна абмяркоўваецца і ў журналісцкім асяродзьдзі.

Каб зарабіць на жыцьцё, журналісты займаюцца, у прыватнасьці, выданьнем рознай друкаванай прадукцыі: календароў, плакатаў, візітовак і г.д. Працуюць у якасьці рэкламных агентаў. Безумоўна, яны сталі менш увагі ўдзяляць журналісцкім матэрыялам, паколькі праца на сайце не аплачваецца.

У Барысаве засталася яшчэ адна недзяржаўная газэта -- “Барысаўскія навіны”, якая пакуль выходзіць. Разам з тым, гэтае выданьне, і найперш рэдактар Анатоль Букас сёлета неаднаразова адчувалі ціск уладаў. Спадара Букаса, напрыклад, суд прызнаў вінаватым у парушэньні крымінальнага заканадаўства за крытычны артыкул на адрас кіраўніка мясцовай раёнкі. “Барысаўскія навіны” пакуль выходзяць, аднак у наступным годзе іх чакаюць сур’ёзныя праблемы. Хаця рэдакцыя не здаецца і шукае розныя шляхі, каб газэта па-ранейшаму даходзіла да мясцовага чытача.

Журналіст Алесь Абрамовіч радыё Свабода паведаміў: “Белпошта” не ўключыла “Барысаўскія навіны” у падпісны каталёг. Зараз “Барысаўскія навіны” самастойна праводзяць падпісную кампанію. Падпісваюць людзей у рэдакцыі. Друкуюць абвесткі на старонках газэты, што людзі могуць падпісацца, калі пералічаць пэўную суму грошай на банкаўскі рахунак. Супрацоўнікі газэты наважаныя хадзіць па кватэрах, грукацца ў дзьверы і прапаноўваць падпісацца на газэту”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства