Магілёў: Скаргі сябраў БХД не задаволены
Сёння, 1 красавіка, у Магілёве адбылося пасяджэнне Магілёўскай абласной выбарчай камісіі, на якой разглядаліся скаргі сябраў аргкамітэту партыі “Беларуская Хрысціянская дэмакратыя” Вячаслава Шэлега і Аляксандры С’янавай.
Актывісты скардзіліся на тое, што іх не зарэгістравалі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты ў мясцовыя Саветы дэпутатаў у г.Бабруйску.
Фармальнай падставай для нерэгістрацыі іх у якасці кандыдатаў у дэпутаты стала тое, што ў Вячаслава Шэлега было знойдзена шэсць несапраўдных подпісаў (а гэта 18% ад адабраных для праверкі подпісаў, што перавышае вызначаны Выбарчым Кодэксам парог у 15%), а ў Аляксандры С’янавай былі знойдзены незадэклараваныя восем акцый.
У той час абласная выбарчая камісія не знайшла ў гэтым парушэнняў і зарэгістравала абодвух у якасці кандыдатаў у Магілёўскі абласны Савет дэпутатаў.
- Абласная выбарчая камісія праводзіла праверку тых жа самых подпісаў, што і Бабруйская гарадская, - гаворыць Вячаслаў Шэлег, - але ў адрозненні ад другой першая камісія прызнала несапраўднасць толькі трох подпісаў. І я з гэтым яе рашэннем пагаджаюся.
У Аляксандры С’янавай былі знойдзены акцыі, якія яна займела ў 1992-94 гг. і ўжо даўно забылася на іх.
Пасля разгляду скаргаў абласная выбарчая камісія пакінула рашэнне Бабруйскай гарадской выбарчай камісіі ў сіле.
- Мы ўльтыматыўна прасілі разгледзець нашае пытанне і альбо зарэгістраваць нас і ў гарадскі і ў абласны Саветы дэпутатаў, альбо пазбавіць нас рэгістрацыі і там і там. Але вышэйстаячая камісія пакінула рашэнне ніжэйстаячай у сіле. Гэта можа быць звяза яшчэ і з тым, што мы ўжо растрацілі сродкі, якія нам выдалі на агітацыю як кандыдатам у дэпутаты ў аблсавет”, - адзначае Вячаслаў.
Акрамя гэтага В.Шэлег звяртае ўвагу на тое, што ў Бабруйскай гарадской выбарчай камісіі яму не выдалі на рукі копію акта праверкі подпісаў. З гэтай нагоды ён падаваў скаргу, але яна не была задаволена. Адказ па скарзе за подпісам старшыні Бабруйскай гарадской выбарчай камісіі спадара Вяткіна быў такі: выдача актаў аб выніках праверкі сапраўднасці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных лістах асобе, якой адмоўлена ў рэгістрацыі ў дэпутаты, Выбарчым кодэксам не прадугледжана.
- З гэтай нагоды я направіў тэлеграму ў Цэтрвыбаркам з просьбай зняць з пасады кіраўніка Бабруйскай выбарчай камісіі спадара Вяткіна ў сувязі са шматлікімі парушэннямі выбарчага заканадаўства”, - гаворыць Вячаслаў.
Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што на рукі акт праверкі подпісаў не выдалі, каб не было магчымасці ў тэрміны абскардзіць рашэнне камісіі аб праверцы подпісаў.
- Сябраў БХД зарэгістравалі ў якасці кандыдатаў у дэпутаты ў Магілёўскі абласны Савет у сувязі з тым, што там была нізкая канкурэнцыя. Каб іх не зарэгістравалі, былі б безальтэрнатыўныя акругі. У самім жа Бабруйску па іх участках вылучалася некалькі прэтэндэнтаў, таму іх і не зарэгістравалі”, - мяркуе Барыс Бухель.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”