Баранавічы: Кандыдат даказаў, што выбаркам падрабляў дакументы падчас праверкі подпісаў
1 красавіка адбылося пасяджэнне Брэсцкай абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі, дзе разглядаліся скаргі асобаў, якіх 25 сакавіка Баранавіцкая гарадская тэрытарыяльная выбарчая камісіяй не зарэгістравала ў якасці кандыдатаў у дэпутаты. Прытым гарадская камісія нават адмовілася разглядаць заявы выбаршчыкаў, якія паставілі свае подпісы ў падтрымку кандыдата ў дэпутаты Дзмітрыя Аўгуста, пра злоўжыванні сябраў камісіі.
Незалежны вылучэнец Дз. Аўгуст даказаў на пасяджэнні абласной камісіі, што гарадская выбарчая камісія падрабляла дакументы падчас праверкі падпісных лістоў. Яго пераканаўчыя аргументы і рашучасць у адстойванні сваёй пазіцыі вынудзілі Брэсцкую камісію адмяніць рашэнне Баранавіцкай камісіі і зарэгістраваць яго кандыдатам у дэпутаты па гарадской выбарчай акрузе № 20.
Тым часам Брэсцкая абласная тэрытарыяльная выбарчая камісія не задаволіла скаргі сябра партыі левых “Справядлівы свет” Віктара Цяпіна, беспартыйнага кандыдата Мікалая Чарнавуса і прадстаўніка Руху “За свабоду” Рыгора Грыка і сябра незарэгістраванай партыі БХД Алега Малашчанкі.
Усе незарэгістраваныя кандыдаты не згодныя з такім рашэннем Брэсцкай камісіі і маюць намер падаваць заявы ў абласны суд.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”