viasna on patreon

Сяргей Альфер: аднаўляцца ў правах трэба своечасова

2010 2010-04-02T15:48:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/alfer.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Альфер

Сяргей Альфер

Пасля завяршэння этапу рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Менская гарадская выбарчая камісія разгледзела 18 скаргаў ад незарэгістраваных прэтэндэнтаў, па шасці з якіх прынята станоўчае рашэнне.

Па словах сябра камісіі Сяргея Альфера, па прычынах нерэгістрацыі пададзеныя скаргі галоўным чынам можна падзяліць на два блокі: несапраўдныя подпісы і памылкі ў запаўненні дэкларацый пра прыбыткі.

Так, былі адноўлены ў правах два кандыдаты ў дэпутаты: Зміцер Клімаў па Маскоўскім раёне і Інга Шарапа па Кастрычніцкім, частка подпісаў за якіх была прызнана несапраўднай раённымі выбарчымі камісіямі сталіцы.

- Менская гарадская выбарчая камісія не палічыла подпісы за гэтых кандыдатаў несапраўднымі. Хаця раённыя камісіі прызналі дадзеныя подпісы такімі пры фактычнай адсутнасці саміх подпісаў, - пракаментаваў дадзенае рашэнне Сяргей Альфер. - У дадзеным выпадку гэты голас за кандыдата проста не залічваецца, але ніякім чынам не з'яўляецца несапраўдным. Абмеркаваўшы сітуацыю з Цэнтральнай выбарчай камісіяй, мы аднавілі кандыдатаў у іх правах. Спадзяюся, што гэты момант будзе дапрацаваны да наступных выбараў і ўнесены ў выбарчае заканадаўства, каб больш не ўзнікала такой блытаніны. Асабліва гэта важна ў рэгіёнах Беларусі, дзе такія праблемы з подпісамі ўзнікаюць вельмі часта.

Яшчэ тры рашэнні раённых камісій Менска адменены ў адносінах да кандыдатаў, у якіх паўсталі праблемы з запаўненнем дэкларацый пра прыбыткі. Гэта Аляксандр Сяргеенка і Ўладзімір Кунец па Завадскім раёне і Валер Іваноў - па Партызанскім. Адменена рашэнне пра нерэгістрацыю і ў адносінах да Віталя Стажарава па Савецкім раёне, паколькі з МУС прыйшлі дадатковыя дакументы, якія пацвярджаюць зняццё з кандыдата ў дэпутаты судзімасці, па прычыне наяўнасці якой прэтэндэнту спачатку было адмоўлена ў рэгістрацыі.

У астатніх кандыдатаў, якія падалі скаргі, гарадская выбарчая камісія выявіла адкрытыя парушэнні пры зборы подпісаў ці грубыя памылкі ў запаўненні дэкларацый пра прыбыткі, таму ў яе не было права адмяніць рашэнне раённых камісій адносна гэтых прэтэндэнтаў.

- Маса незарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты, нажаль, памылілася з тэрмінамі падачы скаргаў, - дадаў Сяргей Альфер. - І гэта ўжо, хутчэй, віны арганізацый, ад якіх вылучаліся прэтэндэнты, што яны не былі праінфармаваны пра трохдзённы тэрмін падачы заявы на апратэставанне рашэнняў раённых камісій.

На наступным паседжанні гарадской камісіі будзе разгледжана яшчэ восем пададзеных скаргаў. Аднак па фармальных прыкметах працэсуальныя тэрміны падачы заяваў ужо парушаны (апошні дзень прайшоў яшчэ 26 сакавіка). Таму станоўчых рашэнняў па дадзеных заявах вынесена ўжо не будзе.

- Многіх з тых, хто даслаў дакументы, можна было б аднавіць у правах, зрабі яны гэта своечасова, - заўважыў Сяргей Альфер. - Зараз жа тэрмін парушаны, і адмена рашэнняў раённых камісій немагчымая. Праца гарадской камісіі ў гэтым плане праходзіць вельмі канструктыўна і дэмакратычна, і па ўсіх спрэчных момантах мы кансультуемся з ЦВК. У мяне асабіста няма прэтэнзій ні да аднаго з сяброў нашай камісіі. Мы працуем, ставячыся адзін да аднаго з разуменнем, у рамках выбарчага кодэкса.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства