viasna on patreon

Баранавічы: Прадпрымальнік Мікалай Чарнавус абскарджвае адмову ў рэгістрацыі кандыдатам у судзе

2010 2010-04-05T09:49:25+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/czarnavus-mikalai-001.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Баранавіцкі прадпрымальнік Мікалай Чарнавус

Баранавіцкі прадпрымальнік Мікалай Чарнавус

Не зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Баранавіцкага гарадскога Савета прадпрымальнік Мікалай Чарнавус 2 красавіка падаў скаргу ў Брэсцкі абласны суд. Такім чынам ён выказаў сваю нязгоду з рашэннем Брэсцкай абласной камісіі, якая падтрымала рашэнне Баранавіцкай гарадской камісіі аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.

У сваёй скарзе Мікалай Чарнавус сцвярджае, што сабраў дастаткова доказаў аб злоўжываннях некаторых сяброў выбарчай камісіі пры праверцы яго падпісных лістоў. Такіх заяваў аб недабрасумленнай дзейнасці выбарчай камісіі Мікалай Чарнавус сабраў пяць і прыкладае іх да сваёй скаргі ў абласны суд.

Мікалай Чарнавус не пагадзіўся і з высновамі Баранавіцкай гарадской выбарчай камісіі, што ў яго дэкларацыі аб прыбытках ёсць недакладнасці. У даведцы з падатковай інспекцыі, якая была агучана на пасяджэнні выбарчай камісіі 25 сакавіка, указана сума гадавой выручкі, а не даходу, як сцвярджае камісія. Мікалай Чарнавус дадае, што даведку аб даходах падатковая інспекцыя яму не прадставіла, спаслаўшыся на пастанову Савета Міністраў РБ № 1399 ад 25.10.2007г., па якой даведка аб даходах індывідуальнага прадпрымальніка, які плаціць адзіны падатак, не прадугледжана.

Мікалай Чарнавус просіць абласны суд прызнаць незаконнымі рашэнні Баранавіцкай гарадской камісіі ад 25 сакавіка і Брэсцкай абласной камісіі ад 1 красавіка і адмяніць іх.

У мэтах справядлівага судовага вырашэння праблемы Мікалай Чарнавус дадаткова просіць для пацвярджэння дакладнасці подпісаў выклікаць у суд у якасці сведкаў выбаршчыкаў, адносна подпісаў якіх у камісіі былі прэтэнзіі; для ўдакладнення парадку праверкі подпісаў выбаршчыкаў выклікаць у суд сяброў выбарчай камісіі, якія правяралі дакладнасць подпісаў гэтых выбаршчыкаў; для ўдакладнення дакладнасці подпісаў указаных выбаршчыкаў прызначыць падчыркаведчаскую экспертызу подпісаў і датаў у падпісных лістах; у мэтах удакладнення правільнасці запаўнення дэкларацыі аб даходах выклікаць у суд інспектара падатковай інспекцыі і начальніка аддзела “Адно вокно”.

Падобныя заявы ў абласны суд падалі не зарэгістраваныя кандыдатамі ў дэпутаты Віктар Цяпін і Рыгор Грык.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства