Барысаў: “Элегантна” не атрымалася
Барысаўская раённая выбарчая камісія (старшыня Мікалай Зелянкевіч, сакратар Таццяна Стасава) адмовіла ў рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты райсавета пенсіянерцы Тамары Каважэнка. Дзякуючы свайму актыўнаму змаганню за рашэнне праблемы падтаплення падворкаў мікрараёна Дымкі, гэтая жанчына стала вядомай сярод мясцовых жыхароў і заслужыла іх павагу. Пенсіянерка без асаблівых высілкаў сабрала больш за паўтысячы подпісаў выбаршчыкаў, якія падтрымалі яе вылучэнне.
Верагодна, камусьці здалося, што вынік выбараў у акрузе №7 становіцца непрадказальным, і прыемны ва ўсіх адносінах кандыдат - начальнік 72-га гвардзейскага аб'яднанага вучэбнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў палкоўнік Валер Гнілазуб - можа прайграць.
Прыдзірацца да подпісаў жыхароў Дымак, мякка кажучы, раздражнёных шматгадовай бяздзейнасцю мясцовых уладаў, мабыць, не вырашыліся і таму адмовілі Тамары Каважэнка ў рэгістрацыі па іншай прычыне. За тое, што яна нібыта не ўказала ў падатковай дэкларацыі зямельны ўчастак, які ёй належыць.
Падстава відавочна надуманая, паколькі ўчастак не з'яўляецца ўласнасцю пенсіянеркі, а прадстаўлены ёй у спадчыннае пажыццёвае валоданне, але сябры барысаўскай раённай выбарчай камісіі аргументаў Каважэнка “адзінагалосна” не пачулі.
На жаль, надзеі спыніць актыўнасць пенсіянеркі аказаліся дарэмнымі. Яна падала скаргу ў ЦВК і абласную камісію. Справа атрымала розгалас.
У выніку Менская абласная выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць шостага склікання прызнала праз тыдзень рашэнне раённай камісіі няслушным. Тамара Каважэнко зарэгістраваная кандыдатам у дэпутаты Барысаўскага раённага савета па выбарчай акрузе №7.
Лёгкай і элегантнай перамогі на выбарах у райсавет гвардыі палкоўніку чакаць не прыходзіцца…
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”