Віцебшчына: Парадоксы выбарчай кампаніі
Аналізуючы звесткі выбарчай кампаніі ў некаторых гарадах Віцебшчыны, можна знайсці нямала невытлумачальных, а часам і парадаксальных сітуацый.
Ці можна назваць непарадаксальнай сітуацыю ў Навалукомльскай выбарчай акрузе № 28 па выбарах дэпутатаў Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў? На гэтай акрузе канкурэнцыя за дэпутацкі мандат склалася паміж генеральным дырэктарам РУП “Віцебскэнерга” Паўлам Харытонавым і ягоным непасрэдным падначаленым вартаўніком філіялу “Лукомльская ГРЭС” РУПП “Віцебскэнерга” Іванам Юбко.
На выбарах у Глубокскі раённы Савет дэпутатаў у Камсамольскай выбарчай акрузе №2 канкуруюць паміж сабой два начальнікі: галоўны інжынер філіяла Глубокскага “Віцебскаблдарбуду” Юрый Бервячонак і дырэктар Грамадскага вытворча-гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства “"Глубокская Ялінка” грамадскага аб'яднання “Беларускае таварыства інвалідаў”, дырэктар Марыя Кашко. У Сеннінскі раённы Савет дэпутатаў на 29 выбарчых мандатаў прэтэндуюць 30 кандыдатаў. Толькі ў адной Кастрычніцкай выбарчай акрузе № 7 ёсць выбар. Гэта два мясцовых беспартыйных кіраўнікі: дырэктар прадпрыемства “Сеннабудмеліавадгас” Васіль Ступаневіч і намеснік галоўнага лекара Сенненская цэнтральнай райбальніцы Алег Усялёнак. Чаму мясцовая вертыкаль не “разруліла” гэтую сітуацыю - пакінуўшы, як і ва ўсіх астатніх выбарчых акругах, аднаго кандыдата ў дэпутаты, дзіўна.
У Савецкай выбарчай акрузе №3 у адзіноце балатуецца начальнік прыватнага ўнітарнага сэрвіснага прадпрыемства “Аўтадыягносціка” Міхаіл Словецкі. Тут нічога парадаксальнага не было б, калі кандыдат не быў сябрам Камуністычнай партыі Беларусі. Прыватнік і камуніст-артадокс -- вось у чым парадокс.
Кандыдат у дэпутаты на Чырвонаармейскай акрузе №10 дырэктар ААТ “Аўтатранспартнае прадпрыемства №16 г. Глыбокае” Яўген Лысёнак пражывае ў г.п. Шаркаўшчына, г.зн. у цалкам іншым раённым цэнтры Віцебшчыны. Але без усякага сумневу спадар Лысёнак будзе абраны дэпутатам Глыбоцкага райсавета, бо ў гэтай акрузе ён зарэгістраваны адзін.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”