Гародня: На абласным тэлебачанні “пажартавалі” з выступам дэмакратычнага кандыдата
Алесь Зарэмбюк, прадстаўнік рэгіянальнай структуры Руху “За свабоду” накіраваў скаргу ў ЦВК на Гродзенскае абласное тэлерадыёаб’яднанне. Рэч у тым, што радыёвыступ кандыдата ў дэпутаты абласнога савету па Малышчынскай выбарчай акрузе № 8 павінен быў прагучаць 1 красавіка ў 18.20 паводле беларускага часу. Так вызначыла лёсаванне эфірнага часу, у якім браў удзел Алесь Зарэмбюк. Аднак у сусветны дзень жартаў выступ дэмакратычнага кандыдата ў дэпутаты пачаўся не ў вызначаны час, а ў 18.04. Алесь Зарэмбюк у скарзе ў ЦВК рэзонна просіць разабрацца з дадзеным фактам, а таксама звяртае ўвагу на тое, што яму было прапанавана выбраць эфірны час не з трох магчымых варыянтаў, прадстаўленых згодна з графікам размеркавання эфірнага часу паміж акруговымі выбарчымі камісіямі для выступлення кандыдатаў у дэпутаты Гродзенскага абласнога Савету, а толькі з двух.
Алесь Зарэмбюк таксама прапануе выпусціць у эфір свой радыёзварот да выбаршчыкаў у 18.20 у любы дзень агітацыйнай кампаніі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”