"Усю адказнасьць зноў перакладуць на Яна і Біблію».
https://spring96.org./be/news/32968
2010
2010-03-23T16:57:00+0200
2010-03-23T16:57:00+0200
1970-01-01T03:00:00+0300
be
У судзе Менскага раёну пачаўся перагляд крымінальнай справы супраць Яна Міхайлава. Хлопец амаль адбыў да канца трохмесячны арышт за ўхіленьне ад вайсковай службы, як прысуд прызналі незаконным і прызначылі новы суд. Ад 10 сакавіка Ян Міхайлаў знаходзіцца пад падпіскай пра нявыезд. Судзьдзя і абвінавачаньне сёньня зацікавіліся габрэйска-мэсіянскай суполкай, якую наведвае хлопец.
На суд да Яна Міхайлава прыйшлі ягоныя бацькі і сябры. Яну Міхайлаву давялося зноў тлумачыць, што ён ня хоча служыць у войску паводле сваіх рэлігійных перакананьняў. Хлопец казаў, што як старшы сын матэрыяльна дапамагаў сваім бацькам у шматдзетнай сям’і. Менавіта гэтую прычыну ўказвалі бацькі і ён сам, калі прасіў ваенкамат даць яму магчымасьць служыць у рэзэрве.Летась 15 сьнежня Яна Міхайлава затрымалі і пакаралі арыштам на 3 месяцы. 10 сакавіка ён выйшаў на волю. Цягам таго тыдня адмянілі некалькі аналягічных прысудаў вернікам і накіравалі справы на перагляд.
Назіральнікі лічаць, што ў хуткім часе будзе распрацаваны праект Закону аб альтэрнатыўнай службе, у якім асноўнай прычынай адмовы ад войску стануць рэлігійныя перакананьні.
Кіраўнік прызыву менскага раёну сп. Сінкавец на судзе паведаміў, што сёньня з 6 тысяч прызыўнікоў толькі 4 чалавекі заявілі, што ня могуць служыць з рэлігійных прычынаў.
Прадстаўніца пракуратуры высьвятляла ў Яна і ягоных бацькоў, калі ён пачаў хадзіць у царкву, чым адрозьніваецца габрэйска-мэсіянская ад іншых пратэстанцкіх суполак, ці ёсьць нейкія забароны на службу ў войску і г.д.
Ян Міхайлаў: «Мяне зьдзівіла, што амаль усе пытаньні тычыліся толькі маіх рэлігійных перакананьняў. Амаль не расьсьледавалася тая частка, якая тычыцца нашага цяжкага становішча ў сям’і. Не зразумела, чаму пачаў зацягвацца суд, таму што я размаўляў з адвакатам і ведаю, што больш, чым было, мне даць ня могуць. Але могуць даць штраф. Ня думаю, што мяне прызнаюць невінаватым так адразу».
Лідэр кампаніі «За альтэрнатыўную службу» Міхаіл Пашкевіч: «Гэты суд могуць узяць за аснову для будучага закону і зрабіць падставай для праходжаньня альтэрнатыўнай службы выключна рэлігійныя перакананьні. Такім чынам большасьць прызыўнікоў, давайце паглядзім фактам у твар, людзі глыбока няверуючыя, будуць папросту пазбаўленыя гэтага права.
Гэта і добра і кепска. Насамрэч, права на альтэрнатыўную службу трэба дамагчыся.
У мяне склалася ўражаньне, што ў суду самога пакуль няма пазыцыі адносна таго, што рабіць. Зь іншага боку, думаю, што праз тыдзень прадстаўнікі рэлігійнай суполкі скажуць, што рэлігія забараняе вайсковую службу. Ніводная рэлігійная суполка ня хоча пазбавіцца рэгістрацыі. Усю адказнасьць зноў перакладуць на Яна і Біблію».
Абвінаваўца заявіла хадайніцтва, каб суд меў даведку пра габрэйска-мэсіянскую суполку «Новы Запавет», якую наведвае Ян Міхайлаў. Апроч таго, яна папрасіла дапытаць у якасьці сьведкі пастара суполкі.
Судзьдзя задаволіў хадайніцтва і прызначыў наступнае паседжаньне на 5 красавіка.