viasna on patreon

СКАНДАЛЬНЫ “ПРАКОЛ” МАГІЛЁЎСКАЙ ВЕРТЫКАЛІ

2010 2010-04-05T20:48:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/screen2-magiliou.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
28 снежня 2009 года на афіцыйным сайце Магілёўскага аблвыканкама з'явілася інфармацыя “У вобласці ўтвораны 58 выбарчых акругаў па выбарах дэпутатаў Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў 26 склікання”

28 снежня 2009 года на афіцыйным сайце Магілёўскага аблвыканкама з'явілася інфармацыя “У вобласці ўтвораны 58 выбарчых акругаў па выбарах дэпутатаў Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў 26 склікання”

Тое, што вынікі выбараў у Беларусі загадзя ўзгодненыя і вядомыя вызначанаму колу ўладных асобаў - гаворыцца не першы год. Тое, што падрыхтоўка выбараў у нас завершана яшчэ да пачатку выбарчай кампаніі - таксама не сакрэт. Але тое, каб пра гэта афіцыйна паведамлялася - такое сустрэлася ўпершыню.

Пачнём з пачатку. 28 снежня 2009 года на афіцыйным сайце Магілёўскага аблвыканкама з'явілася інфармацыя “У вобласці ўтвораны 58 выбарчых акругаў па выбарах дэпутатаў Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў 26 склікання” (http://region.mogilev.by/ru/node/9180). У інфармацыі акрамя таго, што створаны акругі, гаворыцца і пра тое, што “старшынёй абласной выбарчай камісіі абраны начальнік Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Магілёўскай вобласці Валерый Берастаў, намеснікам старшыні - дацэнт УА “Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання” Уладзімір Беланогаў”. І ўсё гэта паведамляе сакратар Магілёўскай абласной выбарчай камісіі Людміла Макаранка.

Адразу нічога не разумееш, а можа проста не верыцца ў напісанае. Бо толькі праз месяц, 18 студзеня 2010 года, прэзідэнт выдасць указ пра прызначэнне выбараў, а Цэнтральная камісія толькі 21 студзеня зацвердзіць і апублікуе Каляндарны план арганізацыйных мерапрыемстваў правядзення выбараў, дзе чорным па белым напісана, што вылучэнне прадстаўнікоў у склад абласных і тэрытарыяльных камісій праводзіцца да 26 студзеня, затым на працягу трох дзён камісіі фармуюцца, а яшчэ на працягу наступных трох дзён імі ўтвараюцца выбарчыя акругі. І ўсё гэта павінна адбывацца ў 2010 годзе!

Фантастыка, але магілёўскія ўлады, якія задумалі выбары па сваім графіку і разуменню, самі сябе і выдалі, змясціўшы на сваім сайце інфармацыю, якую яны павінны былі прытрымаць на месяц, а потым толькі з выглядам праведнікаў змясціць у сябе на сайце і наогул апублікаваць для электарата. Тады б усё прайшло як па пісаным, але чамусьці адбыўся збой - ці то па дурасці і непрафесіяналізму, ці то да Калядаў і Новага году рыхтаваліся і прагледзелі. 

А можа гэта інтэрнетаўскія штучкі? Бо можна змясціць інфармацыю на леташнюю дату - гэта ведае хоць трохі знаёмы з гэтай сістэмай чалавек. Можна, вядома. Але магілёўскія праваабаронцы, улічваючы гэты факт, і звярнуліся за растлумачэннямі ў Магілёўскую абласную камісію. І адтуль яны атрымалі неверагодны адказ за подпісам намесніка старшыні абласной камісіі. Ён паведаміў, што (цытуем) “Магілёўская абласная выбарчая камісія была ўтворана ва ўстаноўленым парадку 27 СНЕЖНЯ 2010 года. Адпаведная інфармацыя пра гэта, а таксама пра першае арганізацыйнае паседжанне камісіі была змешчана на сайце Магілёўскага аблвыканкама 28 СНЕЖНЯ 2010 года”. Вось ужо можна і мазгі звярнуць з такімі штучкамі: аказваецца, камісія была створана ў снежні, які яшчэ наступіць толькі праз 9 месяцаў. Хлусіць навучыліся, але яшчэ, відаць, не набылі ў гэтым прафесійнай “элегантнасці”.

І што ўсё гэта значыць? А тое, што выбары ў Магілёўскі абласны Савет павінны быць адменены, а выбарчая кампанія павінна быць пачата спачатку - і праведзена не па паняццях магілёўскіх вертыкальшчыкаў, а па законе.

А яшчэ хацелася б верыць, што такое грубейшае парушэнне выбарчага закона зацікавіць органы пракуратуры, і ў іх хопіць смеласці і павагі да закона, каб прыняць адэкватныя і зноў-ткі законныя меры ў адносінах да такіх “арганізатараў выбараў”. Яшчэ хацелася б параіць супрацоўнікам пракуратуры пагутарыць з сябрам Магілёўскай абласной камісіі ад ЛДПБ, які ў неафіцыйнай размове пацвердзіў, што ў камісію ён увайшоў яшчэ ў канцы мінулага года (што цяпер ён скажа - прадказальна, але сумленне яму суддзя).

Верагодна, пасля з'яўлення гэтай інфармацыі і яе распаўсюду ў бліжэйшыя гадзіны скандальнае паведамленне пра так груба пракалоўшыхся вертыкальшчыкаў будзе знята з сайта Магілёўскага выканкама. Для гэтага выпадку мы адмыслова падрыхтавалі карцінкі, якія пакуль яшчэ адлюстроўваюць рэальную карціну правядзення выбараў.

Але а пакуль усе зацікаўленыя могуць пашукаць гэту інфармацыю праз паказаную ўгары спасылку ці праз архіў навінаў на сайце www.region.mogilev.by

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Адказ за подпісам намесніка старшыні абласной камісіі

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства