Анатоль Паўлаў: вынік выбараў зразумелы, а астатняе - проста гульня
Кандыдатамі ў дэпутаты на выбарах у мясцовыя Саветы ў Менску зарэгістравана восем членаў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, якія выступаюць як свабодныя кандыдаты і будуць самастойна праводзіць далейшую працу.
На думку кіраўніцтва партыі, сёння сітуацыя па-ранейшаму застаецца вельмі неадназначнай і многія пытанні проста не маюць адказаў, паколькі адмова АГП ад удзелу ў выбарах, якая мела шырокі рэзананс ў палітычным жыцці Беларусі, была вельмі няпростым рашэннем. Тым не менш, адклікаць людзей, якія хочуць працягнуць удзел у выбарчай гонцы, ніхто не збіраецца.
- Паколькі партыя афіцыйна адмовілася ад удзелу ў выбарах, кандыдаты ў дэпутаты будуць шукаць назіральнікаў самі, - распавёў Анатоль Паўлаў, старшыня Менскай гарадской арганізацыі АГП. - Партыя са свайго боку гатова аказаць любую падтрымку кандыдатам у дэпутаты: арганізоўваць семінары, праводзіць кансультацыі спецыялістаў і прадастаўляць інфармацыю, якая можа спатрэбіцца.
Працягнуць перадвыбарчую барацьбу за дэпутацкае крэсла сябры АГП - гэта ў асноўным моладзь, якую кіраўніцтва партыі пераканаўча прасіла выставіць свае кандыдатуры, паколькі больш моцны склад партыі на такім нязначным узроўні ўдзельнічаць у выбарах адмовіўся. Каб не страціць сваіх маладых актывістаў, кіраўніцтва Аб'яднанай грамадзянскай партыі вырашыла не адклікаць іх прымусова і даць магчымасць працягваць працу.
- Мы не можам проста сказаць сваім людзям - здымайце, - заўважыў Анатоль Паўлаў. - Бо многія з іх правялі добрую падрыхтоўчую працу, сабралі каманду, і ім цікава працягнуць барацьбу. Гэтыя кандыдаты адпрацуюць выбары цалкам і атрымаюць добры вопыт. Ужо пачаліся іх выступы па радыё, распаўсюд інфармацыі аб сваіх платформах і праграмах, што, у прынцыпе, мы і планавалі ў самым пачатку выбараў.
Тым не менш, старшыня Менскай арганізацыі АГП перакананы, што вынік выбараў ужо зразумелы. Перамагчы апазіцыйным кандыдатам не ўдасца. Магчыма, кагосці не самага значнага і прапусцяць, каб потым сказаць міжнароднай грамадскасці, што ва ўрадзе ёсць людзі і ад апазыцыі, але ўсё астатняе - гэта проста гульня, - дадаў Анатоль Паўлаў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"