Баранавічы: Віктар Цяпін працягвае змагацца за праўду
Як мы паведамлялі раней, баранавіцкі сябра партыі “Справядлівы свет” Віктар Цяпін не быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты гарсавета па прычыне таго, што “сам паставіў” даты ў падпісных лістах. Абскарджванне нерэгістрацыі ў абласной камісіі станоўчых вынікаў не дало. У пошуках праўды грамадскі актывіст звярнуўся ў суд.
Віктар Цяпін падаў скаргу ў Баранавіцкі гарадскі суд. Суд прыняў гэтую скаргу і прызначыў яе разгляд на 5 красавіка. Але ў панядзелак патэлефанавалі з суда і паведамілі жонцы В.Цяпіна, які ў той час быў на працы, што суда не будзе. Прыйшоўшы з працы, Віктар Цяпін знайшоў у паштовай скрыні вызначэнне суда за подпісам суддзі Макадая П.Т., дзе паведамлялася, што слуханні яго справы не адбудуцца з-за непадсуднасці справы дадзенаму суду.
Паўстае рытарычнае пытанне: а навошта суддзя прыняў заяву Віктара Цяпіна, які пры падачы дакументаў сумняваўся і спытаў у дзяжурнага суддзі, ці правільна будзе падаваць заяву ў Баранавіцкі суд? Тут можа быць 2 варыянты. Альбо судзя не ведае выбарчага заканадаўства, паводле якога з такой заявай трэба звяртацца ў абласны суд. Альбо ён прыняў заяву, каб зацягнуць час і Віктар Цяпін не паспеў звярнуцца ў Брэсцкі абласны суд.
Дзякуючы прапанове баранавіцкага праваабаронцы Сяргея Гоўшы, Віктар Цяпін прадубляваў заявы, адначасова накіраваўшы такія ж дакументы ў Брэсцкі абласны суд.
В. Цяпін упэўнены, што праўда на яго баку і таму ён выйграе суд. Тым больш, што абласная камісія ўжо зарэгістравала 2-х баранавіцкіх кандыдатаў у дэпутаты Дзмітрыя Аўгуста і Алега Малашчанку, прызнаўшы тым самым, што камісія ў Баранавічах падрабляла дакументы пры праверцы падпісных лістоў. Мабыць, аблвыбаркам палічыў, што будзе занадта, калі яшчэ зарэгістраваць і Віктара Цяпіна, таму яму ў чарговы раз было адмоўлена ў рэгістрацыі.
В.Цяпіна не зарэгістравалі кандыдатам і падчас папярэдніх мясцовых выбараў у 2007 годзе. Тады Баранавіцкая гарадская выбарчая камісія “знайшла” у яго ініцыятыўнай групе чалавека, якога “уключылі” у склад групы без яго ведама.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”