Полаччына: Агітуем на пальцах
Засталося каля двух тыдняў да пачатку галасавання, а многія незалежныя кандыдаты дагэтуль не маюць сваіх агітацыйных матэрыялаў у друкаваным выглядзе.
Так, дагэтуль не маюць улётак кандыдаты ў Верхнядзвінску. Вызначаныя для агітацыі месцы ў самім горадзе нязручныя, а, напрыклад, стадыён дык і ўвогуле затоплены. Таксама затопленыя паводкай і значныя часткі некаторых выбарчых акругаў, што ўскладняе агітацыю кандыдатам, якія жадалі б хадзіць “ад дзвярэй да дзвярэй” нават без улётак.
Адсутнічаюць агітацыйныя матэрыялы ў глыбоцкіх актывістаў. У друкарні спасылаюцца на празмерную загружанасць, між тым як многія з афіцыйных кандыдатаў насуперак гэтай загружанасці свае матэрыялы ўжо маюць і распаўсюджваюць. Падобная сітуацыя назіраецца і ў Паставах.
Толькі ў Полацку мясцовыя дэмакратычныя кандыдаты, сябры Беларускай партыі левых ”Справядлівы свет”, ужо на дадзены момант маюць на руках свае улёткі.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”