Бабруйск: У сваіх праграмах дэмакраты засяродзяцца на сацыяльных пытаннях
Бабруйскія прадстаўнікі дэмакратычных сілаў пачалі рыхтаваць пердвыбарчыя праграмы - нехта яшчэ толькі абдумвае, іншыя паспелі надрукаваць агітацыйныя матэрыялы. Але амаль усе кандыдаты збіраюцца ўздымаць у сваіх праграмах сацыяльныя пытанні, якія закрануць жыхароў іх акругаў.
- Я за тое, каб выконвалася ўсё, што мусціць выконвацца. Павінны, нарэшце, з’явіцца ў дварах дзіцячыя пляцоўкі, добра выконвацца рамонтныя працы, прыбірацца пад’езды. Аб гэтым я буду размаўляць з людзьмі сваёй акругі. Выбаршчыкі павінны зразумець, што ад іх жадання палепшыць сваё жыццё шмат залежыць, - распавядае малады кандыдат у дэпутаты, сябра БХД Яўген Васьковіч.
Лідэр бабруйскай суполкі БХД Таісія Кабанчук адзначае, што ўсе кандыдаты супалі ў жаданні ўздымаць сацыяльныя праблемы. Пры гэтым кандыдаты-“бэхадэшнікі” плануюць адразу збіраць подпісы па найбольш актуальных праблемах, каб потым падаць іх у гарадскія інстанцыі.
Андрэй Стасяловіч, кандыдат ад БСДП “Грамада”, таксама плануе акцэнтаваць увагу на лакальных праблемах. Міхаіл Ларчанка, бабруйскі журналіст і блогер, сябра БАЖ, лічыць, што галоўнае не абяцаць, а даць зразумець людзям, як вырашыць іх праблемы.
- Усім вядома, што ўсе гэтыя праграмы рэдка калі выконваюцца, - мяркуе кандыдат у дэпутаты, лідэр “Свабоднага прафсаюза беларускага” Міхаіл Кавалькоў. – Таму я, калі і буду нешта абяцаць, некалькі разоў падумаю, ці можа гэта практычна выканаць шэраговы дэпутат мясцовага Савета. Мне смешна бывае, калі кандыдаты абяцаюць аднавіць Бабруйскую крэпасць, напрыклад, ці яшчэ нешта нерэальнае. Таму я буду ўздымаць рэальныя і блізкія людзям праблемы, такія як асвятленне, дарогі, - тое, што я змагу зрабіць як дэпутат.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”