У Гомелі прыватныя друкарні адмаўляюць незалежным кандыдатам
Прыватныя паліграфічныя прадпрыемствы Гомеля на розных падставах адмаўляюцца друкаваць улёткі незалежных кандыдатаў.
Як распавёў кандыдат у дэпутаты Гомельскага абласнога Савета, каардынатар ствараемай партыі БХД Святаслаў Шапавалаў, у адным з прыватных прадпрыемстваў яму паведамілі, што ёсць негалосны загад не тое што не друкаваць улеткі, а наогул не размаўляць з кандыдатамі, якія хочуць замовіць падобную прадукцыю.
- Усе прыватныя прадпрыемствы, а мы наведалі тры такія, адсылаюць нас у дзяржаўны «Палесдрук». Але цікавасць сітуацыі ў тым, што я хацеў надрукаваць улёткі ў выглядзе налепак, а «Палесдрук» не можа выканаць такую замову. А прыватныя прадпрыемствы, якія могуць тэхнічна гэта зрабіць, адмаўляюцца», - патлумачыў Шапавалаў.
Ён таксама адзначыў такую акалічнасць, што «Палесдрук» адмовіўся друкаваць палову яго ўлетак.
- Я планаваў палову ўлетак надрукаваць у «Палесдруку», а палову зрабіць у выглядзе налепак на якім-небудзь прыватным прадпрыемстве. Але на «Палесдруку» мне растлумачылі, што ёсць загад палову ці частку ўлётак не друкаваць - альбо ўсе, альбо наогул ніякіх, - распавёў кандыдат.
У такой сітуацыі С.Шапавалаў зрабіў адну выснову:
- Дзяржава дала грошы на агітацыю кандыдатам, і гэтыя ж грошы яна забірае - праз такія дзяржаўныя прадпрыемствы, як «Палесдрук».
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”