Орша: Сямейны падрад на выбарах
У савецкі час ўсяляк віталіся, падтрымліваліся і праслаўляліся працоўныя дынастыі. Хаця ўжо прайшло нямала часу, сярэдняе і старэйшае пакаленне можа ўзгадаць сем'і знакамітых сталявараў, камбайнёраў або жывёлагадоўцаў.
Падставай для адраджэння былой традыцыі ў Оршы - праўда, з улікам новых рэалій - стала кампанія па выбарах у мясцовыя Саветы.
А менавіта: балатуецца кандыдатам у дэпутаты Аршанскага гарсавета па Ларынаўскай акрузе № 9 нехта Сяргей Нілаў - намеснік начальніка Аршанскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях. А ў тэрытарыяльнай гарадской камісіі па выбарах гэтага самага гарсавета сядзіць ... яго родны бацька Канстанцін Нілаў, кіраўнік па горадзе Орша арганізацыі "Белая Русь". Зручна: і бацькоўскі наказ можа даць, і пададзеныя подпісы з дэкларацыяй праверыць, і прагаласаваць за рэгістрацыю ... Чым ні прыклад зладжанай сямейнай працы!
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"