Брэст: Метамарфозы білінгвізму
Уладзімір Вялічкін, кандыдат па Партызанскай выбарчай акрузе № 8 па выбарах дэпутатаў Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў, атрымаў пасведчанні для давераных асобаў. Бланкі пасведчанняў, надрукаваныя па-беларуску, запоўненыя ад рукі сябрамі акруговай выбарчай камісіі па-расейску.
У гэтым выпадку няма падставаў сцвярджаць, што ў краіне не існуе беларускамоўных бланкаў, таму што фармальна бланкі выкарыстаныя. Але пры выкананні простай фармальнасці выяўляюцца больш глыбокія хібы – неадукаванасць беларускіх чыноўнікаў.
“Калі ў Беларусі, паводле заканадаўства, две дзяржаўныя мовы, гэта не азначае, што патрэбна адзін дакумент запаўняць адразу на дзвюх мовах”, - каментуе сітуацыю Ул.Вялічкін.
На думку кандыдата, дадзеная сітуацыя сведчыць пра некампетэнтнасць сябраў выбарчай камісіі: “Каб выконваць прафесійныя абавязкі, беларускія чыноўнікі павінны валодаць дзвюма мовамі”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”