Кандыдату ў дэпутаты Таццяне Куўшынавай вынесена папярэджанне
Выбарчая камісія Савецкага раёна Менска вынесла папярэджанне кандыдату ў дэпутаты па Машэраўскай выбарчай акрузе № 47 Таццяне Куўшынавай за распаўсюд агітацыйнай інфармацыі пра сябе без выходных дадзеных.
На паседжанні Менскай тэрытарыяльнай камісіі, які адбыўся на днях, дадзенае рашэнне было зацверджана, і толькі два сябры камісіі - Сяргей Вазняк і Сяргей Альфер - выказалі нязгоду з прынятым вердыктам, прыклаўшы да пратаколу паседжання камісіі асобае меркаванне. У ім яны адзначылі, што вынесенае папярэджанне з'яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства, паколькі прамых доказаў віны кандыдата ў распаўсюдзе інфармацыі прадстаўлена не было.
- Былі падозранні, што распаўсюдам улётак займаўся адзін з сяброў каманды Таццяны Куўшынавай, - адзначыў Сяргей Вазняк, сябра бюро Цэнтральнага камітэта партыі “Справядлівы свет”. - У пацверджанне гэтага былі прадстаўленыя нейкія няўцямныя звесткі з Інтэрнэту. Хаця прамых доказаў, што кандыдат мае да гэтага адносіны, няма. У выніку папярэджанне сябрамі камісіі было вынесена на аснове эмоцый, а не розуму і доказаў.
Кандыдата ў дэпутаты Таццяну Куўшынаву вінавацяць у тым, што на тэрыторыі акругі, па якой яна балатуецца, вісяць улёткі з надпісамі “Наша Таня”, якія, па меркаванні камісіі, маюць непасрэдныя адносіны да кандыдата. Акрамя таго, у матэрыяле Белсата карэспандэнт, распавядаючы пра Таццяну Куўшынаву, стаяў на фоне адной з такіх улётак, што таксама паслужыла доказам таго, што дадзеная інфармацыя - справа рук кандыдата.
- Выступаючы ў абарону Таццяны Куўшынавай, мы спрабавалі растлумачыць астатнім сябрам камісіі, што калі ёсць хоць нейкія сумневы ў вінаватасці кандыдата, то папярэджанне выносіць нельга, - дадаў Сяргей Вазняк. - Тым не менш, прыкладзенае да пратаколу асобае меркаванне ў далейшым, думаю, будзе мець маральную сілу і прымусіць сяброў камісіі акуратней абыходзіцца з нормамі выбарчага заканадаўства і не раздаваць направа-налева папярэджанні.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”