viasna on patreon

Назіраць за выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў у Беларусі будуць дыпламаты 17 дзяржаў

2010 2010-04-08T09:41:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/abjava.jpg

Назіраць за выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў у Беларусі будуць дыпламаты 17 дзяржаў. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтральнай камісіі па правядзенню выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік.

Паводле яго слоў, цяпер у ЦВК паступілі заяўкі ад 30 дыпламатаў 17 дзяржаў Еўропы, Азіі, ЗША. Мікалай Лазавік разлічвае, што за час, які застаўся да выбараў, у ЦВК паступіць яшчэ столькі ж заявак аб жаданні назіраць за выбарамі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Акрэдытацыйныя пасведчанні прадстаўнікам дыпламатычных місій Цэнтрвыбаркам плануе выдаць да канца другой дэкады красавіка. Рабіць гэта раней - няма неабходнасці, таму што ўсе дыпламаты маюць намер назіраць за выбарамі ў дзень галасавання, гэта значыць 25 красавіка.

Мікалай Лазавік падкрэсліў, што замежныя дыпламаты ўпершыню прымуць удзел у назіранні за ходам выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Раней у Беларусі не існавала практыкі запрашэння міжнародных наглядальнікаў на такія выбары, яны прыязджалі толькі на агульнарэспубліканскія і парламенцкія выбары. Дамоўленасць запрасіць дыпламатаў на гэту выбарчую кампанію была дасягнута ў час сустрэчы старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай з прадстаўнікамі пасольстваў.

Сакратар ЦВК таксама адзначыў, што права назіраць за выбарамі маюць прадстаўнікі палітычных партый, працоўных калектываў, грамадзяне шляхам падачы адпаведных заяў, давераныя асобы кандыдатаў у дэпутаты. "На папярэдніх выбарах было больш за 19 тыс. беларускіх наглядальнікаў. Думаю, на цяперашніх выбарах іх будзе не менш, таму што ў выбаркамах ужо акрэдытаваны амаль 1,6 тыс. наглядальнікаў з нашай краіны", - сказаў Мікалай Лазавік.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства