Ідэолаг Брэсцкага райвыканкама ўмешваецца ў выбарчы працэс
Кандыдат у дэпутаты Брэсцкага раённага Савета дэпутатаў 26 склікання па Ямінскай выбарчай акрузе № 21 А. Кузняцоў 8 красавіка аднёс у друкарню “Артлайн” у горадзе Брэсце макеты агітацыйных улётак, плакатаў і налепак. У друкарні паведамілі, што ім паступіла тэлефанаванне ад кіраўніка аддзела ідэалогіі Брэсцкага райвыканкама Л.П. Лемех, якая выказала негатыўную пазіцыю адносна улётак кандыдата Кузняцова. Пасля гэтага ў “Артлайне” адмовілі друкаваць агітацыйныя матэрыялы кандыдата ў дэпутаты.
Каардынатар Брэсцкай абласной БХД Зміцер Шурхай распавёў, што тэрытарыяльная выбарчая камісія, у тым ліку і А.Лемех, бачылі распрацаваныя ўлёткі і былі нязгодныя з тэкстам праграмы кандыдата па той прычыне, што кандыдат прытрымліваецца поглядаў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і апублікаваў адпаведную перадвыбарчую праграму.
Пасля адмовы ў друкарні, давераныя асобы кандыдата з’ездзілі ў райвыканкам і ўказалі Л.Лемех на адказнасць за падобнае ўмяшальніцтва ў выбарчы працэс, прадугледжаную выбарчым кодэксам. Тым ня менш, у “Артлайне” друкаваць агітацыйныя матэрыялы катэгарычна адмовілі. Дырэктар друкарні паведаміў, што атрымаў ад караўніка ідэалагічнага аддзела яшчэ адно тэлефанаванне, але прыняў на сябе адказнасць не друкаваць матэрыялы кандыдата.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”