Барысаў: "Лібералізацыя" закранула звесткі аб даходах
Праз два дні пасля рэгістрацыі кандыдатаў Барысаўскага раённага Савета 26-га склікання спіс кандыдатаў быў апублікаваны ў газеце раённай вертыкалі «Адзiнства». Там згадваліся прозвішчы, імёны і імёны па бацьку, даты нараджэння, пасады (заняткі), месцы працы і месцы жыхарства, партыйнасць кандыдатаў, што, як вядома, прадугледжваецца артыкулам 68 Выбарчага кодэкса РБ.
Аднак гэты артыкул прадугледжвае нараўне з вышэйпералічанымі звесткамі абнародаванне і «звестак аб даходах і маёмасці ў аб'ёме, якi вызначаецца Цэнтральнай камісіяй, кожнага кандыдата ў дэпутаты».
Хто праігнараваў патрабаванні закона? Барысаўская выбарчая камісія, перадаўшы ў газету няпоўную інфармацыю, ці рэдакцыя «вертыкальнай» газеты? Напэўна, гэта не так важна. Зразумела, што супастаўленне даходаў і маёмасці патэнцыйных слугаў народа з даходамі і маёмасцю пераважнай большасці выбаршчыкаў падалося камусьці непажаданым.
Бо з 34 акругаў па выбарах дэпутатаў у Барысаўскі райсавет 30 засталіся безальтэрнатыўнымі. І кандыдаты там - сплашма дырэктары, кіраўнікі, іх намеснікі.
Варта адзначыць, што да «лібералізацыі» - падчас выбарчай кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 25-га склікання - інфармацыя аб кандыдатах у выканкамаўскай газеце друкавалася ў поўным аб'ёме.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"