КДБ цікавіцца кампутарамі апазіцыянераў
9 красавіка лідэру «Еўрапейскай Беларусі» вярнулі незаконна канфіскаваны ў яго на мяжы ноўтбук.
У аддзеле па барацьбе з кантрабандай Ашмянскай мытні паведамілі, што Андрэй Саннікаў павінен заплаціць за «захоўванне» канфіскаванага ў яго кампутара 35 еўра. Ніякіх актаў праверак палітыку не далі, пра тое, як праходзіла экспертыза кампутара ні тое, што пісьмова, нават вусна не паведамілі. Акрамя кампутара Саннікаву таксама вярнулі карту памяці фотаапарата.
«Кампутар правяралі больш за месяц. Мне паведамілі, што нібыта высылалі апавяшчэнне аб падаўжэнні тэрмінаў праверкі тэхнікі, але я нічога не атрымліваў. Я напісаў заяву на імя начальніка мытні, дзе пазначыў усе факты беззаконня: трохгадзінны ператрус на мяжы, затрыманне ноўтбука без тлумачэння прычынаў, вяртанне яго без якіх-небудзь вынікаў праверак. І напісаў, што разглядаю гэтыя дзеянні як палітычны ціск», - паведаміў Андрэй Саннікаў сайту charter97.org.
Адзінае - мытнікі паведамілі лідэру «Еўрапейскай Беларусі», што праверку яго кампутара праводзіла Упраўленне КДБ па Менску і Менскай вобласці.
Палітык пакуль не можа ацаніць, у якім стане пасля гэтай «праверкі» знаходзіцца яго кампутар. «Візуальна паглядзеў, пакуль працуе, не ведаю, у якім ён зараз стане», - паведаміў Саннікаў.
«Лукашэнка стварыў у краіне сістэму беззаконня. Яна ўплывае на жыццё ўсіх грамадзянаў, не толькі апазіцыі. Па тэлефоне можна аддаваць любыя распараджэнні, рабіць любыя дзеянні, не клапоцячыся пра захаванне законаў, нават лукашэнкаўскіх. Вяртанне законнасці магчымае толькі пасля сыходу Лукашэнкі, і людзі павінны гэта разумець», - сказаў апазіцыйны лідэр.
Нагадаем, што Андрэй Саннікаў, яго жонка, вядомая журналістка Ірына Халіп і іх двухгадовы сын былі затрыманыя 5 сакавіка ў прапускным пункце «Каменны Лог» на беларуска-літоўскай мяжы. На працягу трох гадзінаў іх не выпускалі з аўтамабіля, а затым канфіскавалі ноўтбук і карту памяці фотаапарата.
16 сакавіка ў кватэры Андрэя Саннікава і Ірыны Халіп прайшоў ператрус. У іх быў канфіскаваны яшчэ адзін кампутар і ўсе носьбіты інфармацыі. Гэтую тэхніку не вярнулі. Хто праводзіць праверку - невядома, паведамляе Хартыя-97