viasna on patreon

Карэспандэнтку Польскага тэлебачаньня Агнешку Рамашэўскую затрымалі ў Нацыянальным аэрапорце “Менск” і зноў не пусьцілі на Беларусь

2005 2005-12-14T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

13 сьнежня другі раз запар карэспандэнтцы Польскага тэлебачаньня Агнешцы Рамашэўскай было адмоўлена ва ўездзе на Беларусь.
10 сьнежня яе не ўпусьцілі ў краіну на пераходзе Кузьніца Беластоцкая — Брузгі. Яна ўспрыняла гэта як непаразуменьне і вырашыла, што ў Менску такога ня будзе, таму вырашыла паляцець у Беларусь самалётам Польскіх авіялініяў. Пасьля праверкі дакумэнтаў памежнікі заявілі ёй, што паводле закону аб знаходжаньні ў Беларусі замежных грамадзянаў яна ня мае права ўехаць на тэрыторыю краіны. Памежнікі спрабавалі дэпартаваць яе тым жа самалётам, але капітан самалёта адмовіўся яе браць безь білету і пастановы аб дэпартацыі.
Паколькі самалёт у Варшаву адляцеў, спадарыня Рамашэўская засталася ў памежнай зоне аэрапорту “Менск” бяз пашпарта і пад вартай, дзе і правяла ноч.
Полькая журналістка абураная дзеяньнямі беларускіх уладаў і лічыць, што не пусьцілі яе ў краіну, дзе яна павінна была ўзначаліць карпункт першага канала Польскага тэлебачаньня, беспадстаўна, бо яна мела дзейную візу і гадавую акрэдытацыю Міністэрства замежных справаў Беларусі, якая заканчваецца ў лютым наступнага году.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Есін пацьвердзіў радыё Свабодзе, што Агнешка Рамашэўская сапраўды мае акрэдытацыю, але заявіў пры гэтым, што яе не пусьцілі ў краіну на законных падставах: "Пытаньне аб адмове ва ўезьдзе грамадзянкі Польшчы Рамашэўскай не зьвязанае з яе прафэсійнай дзейнасьцю як журналіста. Нягледзячы на тое, што раней ёй было адмоўлена ва ўезьдзе на тэрыторыю нашай краіны, яна чарговы раз робіць спробу перасячэньня мяжы. Яе дзеяньні носяць правакацыйны і несяброўскі характар".

Больш спадар Есін нічога не ўдакладніў. Разам з гэтым ён зазначыў, што ніякіх афіцыйных зваротаў з Варшавы наконт адкрыцьця ў Менску карэспандэнцкага пункта польскага тэлеканалу TVP1 не было. Вусныя перамовы з кіраўніцтвам управы інфармацыі Міністэрства замежных справаў і кіраўніцтвам ведамства таксама не вяліся,– паведаміў Руслан Есін.

Да журналісткі быў дапушчаны польскі консул, але і ён ня змог высьветліць чаму такая пільная ўвага да журналісткі TVP1.

Тым часам Агнешка Рамашэўска правяла ноч у аэрапорце ў пакоі для дэпартаваных, дзе ёсьць ложак і шафа. Чарговы рэйс авіякампаніі “Лёт” з Менску ў Варшаву запланаваны на 14-40 14 сьнежня.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства