Гародня: Кандыдат ад Партыі БНФ адмовіўся ад удзелу ў выбарах
Сябра гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Мікола Лемяноўскі афіцыйна адмовіўся балатавацца кандыдатам у дэпутаты гарадскога савету. Нагадаем, што дэмакратычны актывіст быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты гарсавету па Індурскай выбарчай акрузе №22. Мікола Лемяноўскі накіраваў афіцыйны ліст у Гарадзенскую тэрытарыяльную выбарчую камісію, дзе падрабязна тлумачыць сваю пазіцыю. Ён звяртае ўвагу на тое, што, нягледзячы на папраўкі, прынятыя ў Выбарчы кодэкс, рэальнай дэмакратызацыі выбарчага працэсу не адбылося. Галоўны момант – неўключэнне прадстаўнікоў дэмакратычных партый ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Лемяноўскі падкрэслівае факт, што з 16 вылучаных у камісіі гэтага ўзроўню сябраў Партыі БНФ па Гародні, у іх склад быў уключаны толькі адзін. Такая ж карціна назіраецца і з вылучэнцамі іншых дэмакратычных партый.
У сваёй заяве Мікола Лемяноўскі ставіць пад сумнеў легітымнасць фармавання складу выбарчых камісій у Гародніі, сцвярджае, што ў такой сітуацыі ўдзел у выбарах у якасці кандыдата ў дэпутаты становіцца бессэнсоўным. У сувязі з незабеспячэннем законнасці правядзення выбараў Лемяноўскі заявіў, што ён здымае сваю кандыдатуру.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”