Салігорск: Выканкам ігнаруе рэкамендацыі ЦВК
Мінула ўжо палова агітацыйнай часткі выбарчай кампаніі, а праблема з недастатковай колькасцю месцаў для агітацыі ў Салігорску дагэтуль не вырашана. Прадстаўнікі штаба кандыдата ў дэпутаты райсавета Аляксея Валабуева вымушаны былі накіраваць паўторныя скаргі ў Цэнтральную выбарчую камісіі ў сувязі з тым, што Салігорскі выканкам дагэтуль не ўнёс зменаў у рашэнне аб вызначэнні месцаў для агітацыі і ігнаруе рэкамендацыі ЦВК.
Варта адзначыць, што 31 сакавіка ЦВК рэкамендаваў Салігорскаму выканкаму перагледзець рашэнне аб вызначэнні месцаў для агітацыі, пагадзіўшся са скаргай кандыдата ў дэпутаты Аляксея Валабуева аб недастатковасьці двух месцаў для агітацыі ў стотысячным горадзе. Кандыдат разлічваў на аператыўную рэакцыю з боку выканкама, бо агітацыйная кампанія на той момант ужо распачалася. Аднак, нават праз два тыдні інфармацыі пра змены ў гэтым рашэнні няма.
На думку кандыдата, чыноўнікі адмыслова зацягваюць гэты працэс з двух прычынаў: з-за нежадання рабіць выбарчую кампанію нават мінімальна публічнай і нежадання выпраўляць уласныя памылкі.
Адпаведныя скаргі накіраваны ў выканаўчы камітэт і ЦВК. Актывісты штаба А.Валабуева патрабуюць прыцягнуць да адказнасьці кампетэнтных асобаў за службовае бяздзеянне.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”