Віцебск: Апазіцыйнага кандыдата могуць зняць з выбараў
Кандыдату ад БХД у Віцебскі гарадскі Савет дэпутатаў Уладзіміру Рамановічу пагражае ў лепшым выпадку папярэджанне, у горшым - зняццё з выбараў.
У выбарчую камісію паступіла скарга на апазіцыйнага кандыдата, аўтар якой абвінаваціў яго ў правядзенні агітацыйнага пікету ў недазволеным уладамі месцы. Як высветлілася, скарга паступіла ад супрацоўніцы інтэрната №2 Віцебскага тэхналагічнага універсітэта. Са скаргі вынікае, што інцыдэнт адбыўся ў пятніцу, 9 красавіка.
Уладзімір Рамановіч распавёў, што ў гэты дзень, калі ён праходзіў праз тэрыторыю студэнцкага інтэрната, да яго падышлі некалькі студэнтаў універсітэта і папрасілі інфармацыйныя матэрыялы, звязаныя з выбарамі. У іх з кандыдатам завязалася цікавая гутарка, да якой затым далучыліся яшчэ некалькі студэнтаў-выбаршчыкаў. Усім хацелася даведацца грамадскую пазіцыю Рамановіча і яго палітычную праграму. Па словах кандыдата, у яго не было намераў праводзіць сходу, а сустрэча стала вынікам выпадковых абставінаў.
Разгляд скаргі прызначаны на 15 красавіка. І ў выпадку, калі факт правядзення агітацыі апазіцыйным кандыдатам у дэпутаты ў несанкцыянаваным месцы пацвердзіцца, яму пагражае зняццё з выбараў.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"