Выбаршчыца будзе шукаць сустрэчы з Лідзіяй Ярмошынай
Пытанне аб неправамоцнасці агітацыйнай акцыі, праведзенай кандыдатам у дэпутаты Уладзімірам Галабурдой датэрмінова, 12 сакавіка, было нядаўна разгледжана на пасяджэнні Мінскай гарадской выбарчай камісіі.
Аднак, па словах мінчанкі Тамары Сяргей, якая спрабуе дамагчыся ў гэтай справе справядлівасці, выкладзеныя ў яе заяве факты зноў не былі правераны.
- Гарадская камісія пайшла тым жа шляхам, што і выбарчая камісія Савецкага раёна - адправіла запыт у інфармацыйнае агенцтва «Мінск-навіны», - падзялілася Тамара Сяргей. - Натуральна, адказам зноў было сцвярджэнне, што нумар газеты «Мінскі кур'ер» з інтэрв'ю з Уладзімірам Галабурдой распаўсюджваўся ў межах падпісной кампаніі.
Падчас пасяджэння камісіі, на якое была запрошаная і Тамара Сяргей, была ўнесена прапанова зрабіць запіс аб тым, што ініцыятыўная група Уладзіміра Галабурды, якая раздавала 12 сакавіка ўлёткі з запрашэннем на сустрэчу з кандыдатам у дэпутаты, парушыла закон. Тым не менш, гэта зроблена не было.
- У мяне такое адчуванне, што гэта размова сляпога з глухім - камісія мяне проста не чуе, і нібы не разумее, што я прашу праверыць відавочныя факты правядзення датэрміновай агітацыйнай працы, - лічыць мінчанка. - У той жа час ад сакратара камісіі я даведалася, што Уладзімір Галабурда усё ж пацвердзіў факт раздачы запрашэнняў на сустрэчу з ім, хаця да гэтага ў тлумачальнай запісцы па матэрыялах справы ён не рабіў адназначных выказванняў з гэтай нагоды.
З усіх членаў гарадской камісіі толькі Сяргей Альфер, вядомы спецыяліст у галіне выбарчага права, падтрымаў жанчыну, прыклаўшы асаблівае меркаванне да пратакола пасяджэння. Зараз Тамара Сяргей чакае пісьмовага адказу камісіі, мяркуючы, што ён будзе такім жа, як і папярэднія - камісія так і не ўбачыць у дзеяннях кандыдата ў дэпутаты парушэння выбарчага заканадаўства.
Мінчанка мае намер звярнуцца ў Цэнтральную выбарчую камісію і дамагчыся сустрэчы непасрэдна з Лідзіяй Ярмошынай.
- Я абсалютна ўпэўненая, што справядлівасці ў гэтай справе не дамагуся, але буду настойваць на тым, што мая заява так і не была разгледжана па сутнасці, - дадала Тамара Сяргей. - Раз я пачала гэты працэс, значыць, давяду яго да канца.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"