У Сьветлагорску былі затрыманыя пяцёра ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці “16”
16 сьнежня а 19-й гадзіне ў Сьветлагорску каля гандлёвага цэнтру міліцыя спрабавала перапыніць акцыю салідарнасьці “Запалі сьвечку”, пяцёра ўдзельнікаў былі затрыманыя і дастаўленыя ў міліцэйскі пастарунак.
Сярод затрыманых – старшыня раённай арганізацыі Таварыства беларускай мовы Тэльман Масьлюкоў, намесьнік кіраўніка раённай арганізацыі ПКБ Мікалай Міхалькевіч, а таксама трое маладых актывістаў – Андрэй Музычэнка, Вадзім Данільчанка і Руслан Лютарэвіч. Маладых актывістаў у пастарунку проста сфатаграфавалі і ўзялі адбіткі пальцаў.
Як патлумачыў намесьнік начальніка міліцыі Пётр Зыкун радыё Свабода, спадара Масьлюкова абвінавацілі ў распаўсюдзе друкаванай прадукцыі ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Зубр”, але пасьля пісьмовых тлумачэньняў яго адпусьцілі.
Прадстаўніка ПКБ Мікалая Міхалькевіча абвінавацілі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.