Магілёў: Майстар ЖЭУ загадала паздзіраць усе плакаты апазіцыйнага кандыдата
Кандыдат ў дэпутаты у гарсавет па Дняпроўскай выбарчай акрузе №26 Антон Цыдзік, які з’яўляецца сябрам ГА “БНФ Адраджэнне”, паведаміў, што паздзіралі ўсе яго перадвыбарчыя плакаты.
- Я вывесіў плакаты каля дошак аб’яў, бо самі дошкі маленькія для маіх агітацыйных матэрыялаў, - гаворыць Антон Цыдзік, - але майстар ЖЭУ-4 Тамара Габрусева загадала іх паздзіраць і папярэдзіла, каб я больш не вывешваў свае агітацыйныя матэрыялы на замацаваных за ёй дамах.
З гэтай нагоды кандыдат пісаў скаргу ў ЖЭУ-4, размаўляў з сакратаркай Магілёўскай гарадской выбарчай камісіі Любоўю Макаранка.
- Я запытаў у спадарыні Макаранка, навошта выдаткоўваюцца 140 тысяч рублёў на агітацыю, калі яе немагчыма праводзіць, - працягвае Антон Цыдзік. - Яна выслухала мяне, паразмаўляла з кіраўніцтвам раёна і дазволіла мне зноўку вывесіць свае агітацыйныя матэрыялы каля дошак аб’яў, што я і зрабіў.
Але на гэтым праблемы з размяшчэннем агітматэрыялаў у Антона Цыдзіка не скончыліся.
- Дагэтуль не вывешаны мае плакаты ў будаўнічым трэсце №13. Кіраўніцтва трэста ўбачыла у маіх тэкстах экстрымізм і заклік да звяржэння ўлады, - дадае кандыдат, - хаця я ім растлумачыў, што нічога антыдзяржаўнага ў іх няма. Гэта не выбары, а гора нейкае.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”