Баранавічы: М. Чарнавус просіць, каб пракуратура разабралася з падробкамі
16 красавіка не зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты Баранавіцкага гарадскога і Брэсцкага абласнога Саветаў Мікалай Чарнавус накіраваў заявы пракурору горада і ў ЦВК.
Раней паведамлялася, што Мікалай Чарнавус быў не зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты з-за таго, што камісіі выявілі шмат “несапраўдных подпісаў” ў яго падпісных лістах. Не дабіўшыся адмены рашэння аб адмове ў рэгістрацыі ў Брэсцкай абласной тэрытарыяльнай выбарчай камісіі і Брэсцкім абласным судзе, Мікалай Чарнавус звярнуўся ў пракуратуру і ЦВК. У сваіх заявах ён цвёрда заяўляе пра несумленнасць працы Баранавіцкай гарадской і акруговай камісій па выбарах у абласны Савет.
М. Чарнавус звяртае ўвагу на тое, што падчас збору подпісаў у Баранавіцкі гарадскі і ў Брэсцкі абласны Саветы выбаршчыкі ставілі ставілі продпісы ў двух падпісных лістах. Але пры праверцы подпісаў у гарсавет – камісія прадставіла нібыта заявы выбаршчыкаў, што не яны самі дату ставілі, а ў аблсавет – заявы выбаршчыкаў аб адкліканні сваіх подпісаў! Метады розныя, а вынік адзін – нерэгістрацыя кандыдатам у дэпутаты Баранавіцкага гарадскога Савета і Брэсцкага абласнога Савета!
Мікалай Чарнавус звярнуў увагу пракуратуры, што сябры Баранавічкай гарадской камісіі хадзілі з праверкамі з ужо загаддзя падрыхтаванымі бланкамі заяваў, што наогул уяўляе сабой поўны “нонсэнс”. І сябры камісіі, як указана ў гэтых прадстаўленых заявах, падманным (гэта значыць злачынным) чынам, прасілі падпісацца, што гэта яны самі ставілі подпісы ў падпісных лістах. Вось за гэта выбаршчыкі і распісаліся! Якім чынам атрымаўся іншы тэкст – вось задача для расследавання пракуратуры. Ён лічыць такія дзеянні правяраючых злачынствам, загаддзя падрыхтаваным і спланаваным, каб не рэгістраваць менавіта кандыдатаў ад дэмакратычных партый, што было імі і зроблена. Мікалай Чарнавус у сваёй заяве просіць пракуратуру: выявіць, хто з камісіі рабіў такія падробкі і пакараць іх у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Да Цэнтральнай камісіі Мікалай Чарнавус звярнуўся з просьбай праверыць працу Баранавічкай гарадской камісіі на адпаведнасць Выбарчаму кодэксу, навесці парадак, пакараць вінаватых і забяспечыць правядзенне гэтых і наступных выбараў згодна заканадаўству. Яшчэ ён просіць прызнаць працу гэтай камісіі не адпавядаючай заканадаўству, непрафесійнай, парушаючай Канстытуцыю.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”