Орша: Друк - толькі па ўзгадненні з гарвыканкамам
Кандыдат у дэпутаты Віцебскага абласнога Савета Мікалай Петрушэнка падаў скаргу ў пракуратуру горада Оршы на Аршанскі гарвыканкам.
Сутнасць справы заключаецца ў тым, што Мікалай Сямёнавіч вырашыў у межах выбарчай кампаніі надрукаваць свае перадвыбарныя ўлёткі тыражом 10 тысяч асобнікаў у Аршанскай друкарні. Улёткі гэтыя павінны былі быць надрукаваны на тыя сродкі, якія прадастаўляюцца кандыдату на агітацыю. У тэксце ўлётак утрымлівалася інфармацыя пра час выступу па радыё іншых кандыдатаў ад апазіцыі.
Аднак Аршанская друкарня паведаміла кандыдату, што ўсе ўлёткі могуць быць надрукаваны толькі па ўзгадненні з Аршанскім гарвыканкамам. Да самой друкарні Петрушэнка прэтэнзій не мае, аднак не разумее, чаму гарвыканкам робіць папярэднюю цэнзуру матэрыялаў кандыдатаў. Таму і звярнуўся ў пракуратуру з просьбай даць прававую ацэнку працэдуры такога ўзгаднення.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары"