Бабруйск: На кандыдата ад БХД няправільна склалі пратакол і пагражалі паўплываць на вучобу
Малады кандыдат ад БХД, карэспандэнт газеты “Бабруйскі кур’ер” Яўген Васьковіч прысутнічаў на хакейным матчы “Беларусь-ЗША”, які праходзіў учора ў “Бабруйск-Арэне”. Пад час гульні маладзён дастаў бел-чырвона-белы сцяг і размахваў ім. Недзе праз сем хвілін да яго падыйшоў вартаўнік, і загадаў выйсці з залы. На лесвіцы Яўгена скруцілі супрацоўнікі міліцыі, і завялі ў памяшкенне пункта праката спартовага інвентара.
- Там мяне пачалі збіваць – па жываце, па ныркам, пасавілі на “расцяжку”, ды яшчэ патыкалі носам ў бел-чырвона-белыя стужкі, якія знайшлі ў маім заплечніку. Калі склалі пратокол, запрасілі двух дзяўчат – панятых, хаця спачатку казалі, што гэта будуць хлопцы. Пад час вобscre ў мяне з заплечніка знікла пасведчанне журналіста, я паведаміў аб гэтым міліцыянтам, але яны яго так і не знайшлі. Супрацоўнік міліцыі, які складаў пратакол, на жаль я забыў яго імя, спытаў у мяне, дзе навучаюся. Я адказаў, што на першым курсе магілёўскага педагагічнага. І тады міліцыянт заявіў: “На першым, і на апошнім!”
Пасля гэтага Яўгена Васьковіча завезлі ў аддзяленне міліцыі па вуліцы Гогаля, і недзе ў дзве гадзіны ночы перавезлі ў аддзяленне па вуліцы Пушкіна, дзе яго пратрымалі да 11 раніцы – да суда.
- Суддзя пачытала пратаколы і сказала, што ўсё гэта лухта, - працягвае распавядаць Яўген. – Яна заявіла, што дакументы складзеныя няправільна, і няхай для пачатку міліцыянты адшукаюць тых людзей, якім я быццам бы перашкаджаў глядзець матч. Зараз я падрыхтаваў скаргу на дзеянні міліцыянтаў, у самы бліжэйшы час падам яе.
Нагадаем, што гэта ўжо другі выпадак у Бабруйску, калі судовая справа на сябраў БХД была адкладзеная з-за няправільна складзенага пратакола. У мінулым месяцы па гэтай жа прычыне быў перанесены суд над лідэрам бабруйскай суполкі Таісіі Кабанчук.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”