Віцебшчына: Буфеты да выбараў гатовыя
У Віцебскай вобласці практычна ўсё гатова да актыўнай фазы выбараў у мясцовыя прадстаўнічыя органы ўлады. На чарговым паседжанні абласная выбарчая камісія абмеркавала арганізацыю ў вобласці працы па абслугоўванні выбаршчыкаў на ўчастках для галасавання.
У прыватнасці, у дзень выбараў 25 красавіка будзе арганізавана дзяжурства медперсанала на ўчастках і дадатковых брыгад на станцыях хуткай дапамогі.
Культурны складнік абслугоўвання выбаршчыкаў - традыцыйныя выступы калектываў мастацкай самадзейнасці. Абласная камісія паклапацілася і пра хлеб надзённы. Будуць працаваць буфеты і кропкі выязнога гандлю па продажы шырокага асартыменту малочнай, мясной, кандытарскай і іншай прадукцыі. А вось выпіць за здароўе “свайго” кандыдата будзе на выбарчых участках праблематычна. У 14 раёнах вобласці па рашэнні мясцовых органаў улады спіртнога ў продажы на ўчастках для галасавання зусім не будзе. Ва ўсіх астатніх 7 раёнах забаронена рэалізацыя пладова-ягадных вінаў.
Асабовы склад органаў унутраных спраў з 19 па 27 красавіка пераводзіцца на ўзмоцнены варыянт нясення службы. У агульнай складанасці ў забеспячэнні бяспекі на ўчастках для галасавання плануецца задзейнічаць 1323 супрацоўнікаў міліцыі. А пачынаючы са дня завозу бюлетэняў (19 красавіка) усе ўчасткі для галасавання будуць узяты пад кругласутачную ахову.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”